Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШВЭДЗКАЯ ПАЛІЦЫЯ ПАКУЛЬ НЕ НАЗЫВАЕ ІМЁНЫ ЗАБІТЫХ, А БЕЛАРУСКІ КОНСУЛ НЯ ВЕДАЕ, ЦІ ГЭТА БЕЛАРУСЫ


Аляксей Знаткевіч, Прага

Спадар Бэрдквіст гаворыць, што імёны забітых беларусаў агучыць пакуль ня можа, бо пра сьмерць яшчэ не паведамілі ўсім сваякам і блізкім:

(Бэрдквіст: ) “Дзяўчына аднаго з забітых вучыцца ў Санкт-Пэтэрбургу – заўтра яна вяртаецца ў Швэцыю”.

Нагадаем, што паводле падазрэньня ў забойстве швэдзкая паліцыя ўжо арыштавала аднаго чалавека – швэдзкага грамадзяніна. Спадар Бэрдквіст ўчора паведаміў нашаму радыё, што той будзе пад вартай прынамсі два тыдні. Кіраўнік расьсьледаваньня, аднак, не называе магчымыя матывы забойства.

(Бэрдквіст: ) “Мы маем розныя вэрсіі, але учора у нас адбылася сустрэча з прадстаўнікамі пракуратуры, і мы вырашылі падчас сьледзтва не агучваць інфармацыю наконт матываў ці вэрсіяў гэтага злачынства”.

Спадар Бэрдквіст, аднак, адкідае вэрсію аб тым, што да забойства магла спрычыніцца варожасьць да замежнікаў.

(Бэрдквіст: ) “Нішто ў расьсьледаваньні не паказвае ў гэтым кірунку”.

Мы таксама зьвярнуліся да консула Беларусі ў Швэцыі Аляксандра Наймушына з просьбаю пацьвердзіць ці абвергнуць інфармацыі наконт беларускага грамадзянства асобаў, загіблых у Стакгольме 1 красавіка. Гаворыць Аляксандар Наймушын.

(Наймушын: ) “Пакуль нічога невядома. Я размаўляў сёньня з паліцыяй, яны мне сказалі, што ніякай інфармацыі ў друк яны не выдавалі. Я першы раз чую, што нейкі Стэфан Бэрдквіст вядзе гэтае расьсьледаваньне. Я размаўляў наўпрост з начальнікам і афіцэрам, які вядзе гэтую справу, якія высылаюць мне ўсю неабходную інфармацыю наконт інцыдэнту. Яны ня ўпэўненыя і падзяляюць мой пункт гледжаньня, што ахвяры могуць і ня быць грамадзянамі Беларусі. Як я змагу пацьвердзіць, ці ёсьць яны грамадзянамі Беларусі, бо ў іх пры сабе няма ніякіх дакумэнтаў. У паліцыі няма дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі іхную прыналежнасьць да беларускага грамадзянства”.

Гэта быў консул Беларусі ў Швэцыі Аляксандар Наймушын.

Гл. таксама
ШВЭДЗКАЯ ПАЛІЦЫЯ ПАВЕДАМІЛА, ШТО ЗАБІТЫЯ – ГРАМАДЗЯНЕ БЕЛАРУСІ
ШВЭДЗКІЯ МЭДЫІ ПАВЕДАМЛЯЮЦЬ ПРА ЗАБОЙСТВА ДВУХ УЦЕКАЧОЎ ЗЬ БЕЛАРУСІ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG