Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ПРАВААБАРОНЦА АЛЕГ ВОЛЧАК – ЛЯЎРЭАТ ЭЎРАПЕЙСКАЙ ПРЭМІІ ЗА СЬМЕЛАСЬЦЬ


Ул. інф.

Як піша ўплывовая нямецкая газэта “Süddeutsche Zeitung”, кандыдатуру Алега Волчака – лідэра, зьліквідаванай грамадзянскай ініцыятывы “Прававая дапамога насельніцтву”, падтрымалі аднагалосна ўсе сябры камісіі – нямецкія і эўрапейскія юрысты.

Паводле старшыні камісіі Ўльфрыда Клайнэрта, эўрапейская юрыдычная грамадзкасьць дагэтуль недастаткова падтрымлівала свайго беларускага калегу-юрыста, а таксама праваабаронцу. Тым часам, лічыць спадар Клайнэрт, Алег Волчак працуе ў надзвычай экстрэмальных умовах. Ён пастаянна на ўсіх узроўнях уздымае пытаньне што да гісторыі са зьніклымі палітыкамі, выказваецца за тое, каб сваякі гэтых людзей патрабавалі ад ўладаў дакладнай справаздачы пра расьсьледаваньне гэтае справы. Спадар Волчак паралельна вядзе сваё ўласнае расьсьледаваньне справы ,і гэта ня можа не пагражаць ягонаму жыцьцю.

Вядомы нямецкі юрыст Клайнэрт перакананы, што для ягонага беларускага калегі прэмія стане ня толькі фінансавай дапамогай, але і маральнай падтрымкай. Акрамя таго, прадстаўнікі эўрапейскага права хочуць падтрымаць Волчака ня толькі ў прафэсійных пытаньнях, але і праз СМІ. Бліжэйшым часам сябры камісіі радэбольскай прэміі зьбіраюцца наведаць Менск, каб бліжэй пазнаёміцца з умовамі вядзеньня праваабарончай працы ў Беларусі. Яны таксама зьбіраюцца высьветліць, як і якіх падставах была закрытая арганізацыя Волчака “Прававая дапамога насельніцтву”.

Паводле нямецкіх юрыстаў, беларуская сытуацыя апошнім часам апынулася па-за полем увагі нямецкай грамадзкасьці. Быццам бы такой краіны, дзе зьнікаюць людзі, дзе ўсё яшчэ існуе сьмяротнае пакараньне, дзе дэмакратыя зьяўляецца сталым дэфіцытам, і ўвогуле няма. Нямецкі юрыст зазначае, што гэткая сытуацыя павінна быць выпраўленая.

Гэтымі днямі ў Нямеччыне прайшла яшчэ адна акцыя, у часе якой была зьвернутая ўвага да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Прадстаўнікі бонскай сэкцыі Amnesty International абвесьцілі пра тое, што занепакоеныя перасьледам беларускіх грамадзянаў з боку КГБ. Як гаворыцца ў адмысловым звароце “Увага КГБ”, гэтая арганізацыя ёсьць адзінай на постсавецкай прасторы, якая захавала сваё адыёзнае імя і якая праводзіць масіўныя рэпрэсіўныя акцыі супраць апазыцыі, увогуле любых крытыкаў улады.

Нямецкія праваабаронцы з Бону занепакоеныя тым, што апошнім часам беларускія гэбісты праводзяць сярод насельніцтва прымусовую вярбоўку ў свае шэрагі, асабліва сярод моладзі. Прадстаўнікі бонскага аддзелу Amnesty International зьбіраюцца ў найбліжэйшы час накіраваць адмысловы ліст менскаму кіраўніцтву, дзе выкладуць факты парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG