Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

4 красавіка 1794 году адбылася першая бітва паўстаньня пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі. Гэта была бітва пад Рацлавіцамі каля Кракава, адкуль Касьцюшка распачаў сваю вызваленчую вайну супраць далучэньня земляў і народаў Рэчы Паспалітай да Расейскай імпэрыі. У бітве пад Рацлавіцамі Касьцюшка меў 4100 жаўнераў і 2000 сялянаў з косамі. Ягонае войска нанесла расейскай рэгулярнай арміі першую паразу, якая адыграла вялікую ролю для пашырэньня вызваленчае вайны на ўсю тэрыторыю Рэчы Паспалітай, у тым ліку і цяперашняй Беларусі.

4 красавіка 1949 году быў утвораны альянс НАТО, які тыдзень таму папоўніўся сямю новымі краінамі.

4 красавіка 1557 нарадзіўся адзін з цэнтральных пэрсанажаў беларускай гісторыі – вялікі канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Родам ён са старажытнага праваслаўнага беларускага роду, зь
вёскі Астроўна ў цяперашнім Бешанковіцкім раёне. Сярод многіх заслугаў Льва Сапегі – падрыхтоўка Статуту 1588 году – найбольш прагрэсіўнага на той час у Эўропе зводу фэадальнага права, напісанага па-беларуску. Апроч гэтага, Сапега быў таленавітым вайскаводцам і мэцэнатам старажытнай беларускай культуры.

Сярод іншых знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 4 красавіка ў розныя гады, згадаем ангельскага пісьменьніка Майна Рыда, аўтара раману «Коньнік без галавы»; савецкую падпольшчыцу Алену Мазанік, якая ў часы другой сусьветнай вайны падарвала на міне генэральнага камісара Беларусі гаўляйтэра Вільгельма Кубэ, і культавага расейскага кінарэжысэра Андрэя Таркоўскага.

Цяпер – пра некаторыя даты сёньняшняга календара.

5 красавіка 1996 году КГБ Беларусі арыштаваў паэта Славаміра Адамовіча за ягоны верш “Убей презідента”, зьмешчаны ў Віцебскай газэце “Выбар”. Гэта быў першы ў Беларусі выпадак арышту паэта за ягоны твор з часоў сталінскага генацыду. 10 месяцаў свайго жыцьця Адамовіч мусіў правесьці за кратамі.

5 красавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет знакаміты ангельскі эканаміст Адам Сьміт, аўстрыйскі дырыжор Гербэрт фон Караян, амэрыканскі пісьменьнік Артур Хейлі і цяперашні дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл, якога паводле прэстыжу і ўплыву параўноўваюць з Нэльсанам Мандэлам. Нарадзіўся Паўэл у 1937 годзе.

5 красавіка – дзень народзінаў беларускага пісьменьніка і літаратуразнаўца Вячаслава Рагойшы. Родам ён з Ракава пад Менскам, напісаў шмат кніг пра беларускіх літаратараў ды іх сувязі з калегамі ў іншых краінах. Рагойша – аўтар «Паэтычнага слоўніка» – унікальнага для Беларусі даведніка ў паэзіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG