Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: ДВА, ТРЫ, ЧАТЫРЫ ВЯЛІКІЯ ДАМЫ


Юрась Бушлякоў, Менск

Сёньня кароткі граматычны напамін – пагаворым пра спалучэньні зь лічэбнікамі два, тры й чатыры. Часам памыляюцца ў нас, выбіраючы форму залежнага ад названых лічэбнікаў слова – можам пачуць пра два высокіх будынкі або тры доўгіх гадзіны. Пры такім хібным ужываньні прыметнікі ставяць у форме роднага склону. Каб было правільна, прыметнікі, залежныя ад лічэбнікаў два, тры й чатыры, трэба ўжываць толькі ў форме назоўнага склону множнага ліку: два высокія будынкі, тры доўгія гадзіны. На гэтую граматычную норму нельга забывацца, чытаючы, называючы дробавыя лічэбнікі. Гаворым па-беларуску: дзьве трэція, тры пятыя, чатыры сёмыя, але пяць шостых, шэсьць восьмых – пры лічэбніках пяць, шэсьць і далейшых залежнае слова ставіцца ўжо ў форме роднага склону.

Спалучаючыся зь лічэбнікамі два, тры й чатыры, шэраг назоўнікаў захоўвае націск даўняй формы парнага ліку: дзьве сястры, тры акны. Перасьцерагаю ад памылак у спалучэньнях з назоўнікамі ніякага роду – пры лічэбніках два, тры й чатыры такія назоўнікі заўсёды маюць канчатак множнага ліку: два вяслы, тры вядры, чатыры палатны.

На заканчэньне яшчэ раз паўторым: два вялікія дамы, тры старыя вярбы, чатыры новыя акны, дзьве трэція, тры пятыя, чатыры сёмыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG