Сэкцыя, у якой абмяркоўваліся новыя транспамежныя дачыненьні паміж Беларусьсю і Захадам, была закрытая для прэсы. Хаця, па сутнасьці, нейкай закрытай інфармацыі на ёй не прагучала. Праўда, і адказны прадстаўнік міністэрства замежных справаў Нямеччыны Рольф Шутэ, і намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Міхневіч некалькі разоў заўважылі, што ня могуць агучыць з прычыны пэўных абставінаў падрабязнасьцяў нядаўніх перамоваў паміж афіцыйным Менскам і супольнай місіяй Эўразьвязу і ЗША, аднак гэтая сустрэча, на іхную думку, мела вялікі плён.
Камэнтуючы гэтыя словы, вядомы бэрлінскі палітоляг Аляксандар Рар выказаў меркаваньне, што афіцыйны Менск паступова мяняе прынамсі сваю рыторыку.
(Рар: ) “Час прымушае сьпяшацца. Беларусь мусіць прымаць рашэньне. Думаю, нэўтралітэт ёй не дапаможа. Глябалізацыя патрабуе свайго. Ня думаю, што Захад у асобе ЗША і Эўразьвязу цяпер быў бы зацікаўлены ў тым, каб Беларусь аб’ядналася з Расеяй. Ня думаю, што Захад верыць у тое, што пуцінская Расея, якая пайшла аўтарытарным шляхам пасьля думскіх выбараў, здольная пазытыўна паўплываць на дэмакратызацыю Беларусі, як гэта лічылася яшчэ год таму. Я думаю, што Захад ставіць Беларусь перад выбарам, тлумачачы ягонаму кіраўніцтву, што працэс, які па-ангельску называецца “wider Europe”, гэта вельмі сур’ёзны працэс”.
Што Ўладзімера Ўлаховіча з цэнтру міжнародных дасьледаваньняў пры БДУ, які ў часе дыскусіі прааналізаваў усе галоўныя дакумэнты адносна плятформы “wider Europe” у дачыненьні да новага суседзтва, то паводле беларускага аналітыка, гэты кірунак ня ёсьць прыярытэтным у будучай эўрапейскай палітыцы.
(Улаховіч: ) “Гледзячы на тыя распрацоўкі, якія цяпер існуюць у Эўропе, супрацоўніцтву з краінамі-суседзямі надаецца не такая ўжо і вялікая роля. Ад гэтых краінаў мала што залежыць увогуле. Вельмі добры прыклад — Украіна, якая жадае стаць сябрам Эўразьвязу, якая мае дзяржаўныя структуры па інтэграцыі, якая мае агульнанацыянальны кансэнсус, таму што і парлямэнт падтрымлівае, і прэзыдэнт, і, між тым, гэтая краіна адведзеная да таго ж ранжыру, што і Беларусь, калі паглядзець на фармальны бок дакумэнтаў. Гэта пэўны знак для краінаў-суседзяў, што наступныя 10–15 гадоў разьлічваць на нейкія больш-менш глыбокія адносіны не прыходзіцца.
Я думаю, што Беларусь існуе ў такой цывіліцыйнай прасторы, што маргіналізацыі ў гэтым зьвязку ў ёй не адбудзецца. Аднак залежнасьць ад усходняга суседа можа замацавацца на рацыянальным узроўні — эканамічна, фінансава, ня так, як гэта абвяшчаецца, і тады ўзьнікне пытаньне, ці будуць думаць беларусы праз пятнаццаць гадоў пра сваю эўрапейскую пэрспэктыву. Можа, тады і непатрэбна ім гэта будзе”.
Падчас працы форуму да нас у рэдакцыю патэлефанаваў беларускі гісторык Чарняўскі, які заявіў, што сам выбар арганізатарамі працоўных моваў форуму — нямецкая, польская, расейская (а не беларуская) — ужо дэманструе зьняважлівае стаўленьне да ролі незалежнай Беларусі ў будучым транспамежным супрацоўніцтве.
Удзельнік дыскусіі “Новае суседзтва — новыя абставіны для Эўропы” прафэсар Станіслаў Шушкевіч глядзіць на падобны працоўны момант імпрэзы інакш:
(Шушкевіч: ) “Я лічу, што для высьвятленьня складаных пытаньняў трэба ўжываць тыя мовы, якія ў дадзенай аўдыторыі найбольш адпавядаюць інтарэсам аўдыторыі. Я не лічу сабе абражаным, што мне тут трэба выступаць па-расейску. Я магу выступаць па-польску. Мне прыходзіцца часьцей выступаць у аўдыторыях, дзе працоўнай мовай ёсьць ангельская, аднак мне падаецца, што немцы не абражаюцца. Калі гаварыць прадметна, то мне падаецца тут, у гэтай аўдыторыі, так шмат сказана на карысьць падыходаў беларускай апазыцыі, на карысьць падыходаў беларускай інтэлігенцыі, што я б не зьвяртаў увагі на такі працоўны момант”.