У Менскім эпархіяльным ўпраўленьні тлумачаць, што патэнтаваньне адбылося дзеля спыненьня нядобрасумленнага выкарыстаньня паняцьця праваслаўя, самога слова “праваслаўны” і сьвятога сымбалю – Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. А гэтаксама дзеля таго, каб ў будучыні ніводная з тэарэтычна магчымых раскольніцкіх цэркваў не магла выкарыстоўваць ў сваёй назьве паняцьце “праваслаўны”, як гэта адбывалася ў некаторых краінах.
Пісьменьніца Вольга Іпатава вельмі нэгатыўна паставілася да гэткіх крокаў Беларускай праваслаўнай царквы. Паводле яе, само паняцьце “патэнт на крыж” гучыць нядобра.
(Іпатава: ) “Як знак калектыўнай уласнасьці… Крыж – гэта сьвятыня ўсёй беларускай зямлі, як мне здаецца, усіх хрысьціянаў – і каталікоў, і ўніятаў, і праваслаўных. І мне неяк дзіўна, што, напрыклад, я напішу верш “Я люблю цябе праваслаўная Беларусь”, і мне трэба будзе як бы прасіць дазволу, таму што на гэтае слова ўзялі патэнт”.
Як адзначае пісьменьніца Вольга Іпатава, да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай беларусы былі на 75% уніятамі, і таму слова “праваслаўны” ня можа камусьці належыць выключна.
Да таго ж пісьменьніца зьвяртае ўвагу на тое, што патэнт узяў Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы.
(Іпатава: ) “Калі маецца на ўвазе копія, то нават яна, копія таго крыжа, які Эўфрасіньня Полацкая распасьцёрла над усёй Беларусьсю, у дадзеным выпадку тады Полацкім княствам, да якога яна належыла… Гэты крыж у эзатэрычным сэнсе, ахоўны знак, распасьцёрты над усёй хрысьціянскай Беларусьсю, ён ня можа належыць (нават узгадваць пра яго нельга) нашчадкам тых хрысьціянаў, якія жылі на Полацкай зямлі. Сёньня яны могуць спавядаць, скажам, каталіцкую веру”.
Гэта было меркаваньне пісьменьніцы Вольгі Іпатавай. Як адзначыў для Радыё Свабода пратайрэй Беларускай праваслаўнай народнай аўтакефальнай царквы Леанід Акаловіч, Крыж Эўфрасіньні Полацкай ёсьць духоўным сымбалем Беларусі, які нельга прыватызаваць, як нельга прыватызаваць і слова “праваслаўе”.
(Акаловіч: ) “Крыжа Эўфрасіньні Полацкай зараз у Беларусі няма. Ён па ўсей верагоднасьці, як выказваюцца дасьледчыкі, знаходзіцца ў Маскве. Яго КГБ зьвезла яго ў 1940-х гадах. Дык перш за ўсё трэба яго адшукаць, вярнуць на месца. Гэта духоўнае хамства – сымбаль Беларусі прысвойваць нейкай адной канфэсіі. Гэта сымбаль ня толькі праваслаўных беларусаў, зрэшты беларускія ўніяты карыстаюцца гэтым сымбалем. А таксама беларусы ў замежжы. Дык што й іх трэба пазбавіць права карыстацца гэтым знакам? З другога боку гэта ізноў наступ ідзе на ўсё беларускае, якое сымбалізуе незалежнасьць. Бо Крыж Эўфрасіньні – гэта незалежнасьць, гэта самастойнасьць, гэта ў тым ліку самастойнасьць, аўтакефальнасьць беларускай царквы”.
Гэта было меркаваньне пратайрэя Беларускай праваслаўнай народнай аўтакефальнай царквы Леаніда Акаловіча.