Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ГІШПАНЦЫ І БЕЛАРУСЫ Ў ГІШПАНІІ ПАСТАВІЛІСЯ ДА ТЭРАКТАЎ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Першая мая суразмоўца, былая жыхарка Менску Ілона Бандаровіч, ужо амаль год жыве і працуе ў адным з прыгарадаў Мадрыду. Вось што яна распавяла ў інтэрвію беларускай Свабодзе:

(Бандаровіч: ) “Гішпанцы ўсхваляваныя, бо не чакалі, што такое можа здарыцца. Я жыву ад гэтага месца даволі далёка, таму чула пра тэракты па тэлебачаньні. Усім стала страшна, ніхто ня ведае, што будзе заўтра. Людзі баяцца ў чаканьні заўтрашняга дня. Я адчуваю жах значна больш, чым раней. Ніколі ня думала, што тут такое можа здарыцца. Людзі напалоханыя, бо кожны дзень яны сядалі ў цягнік, бачылі сваіх знаёмых і ехалі на працу. Таму вельмі асьцярожныя ўсе, усім вельмі страшна. Сярод ахвяраў тэрарыстычных выбухаў няма маіх знаёмых. У тых раёнах, дзе адбыліся выбухі, збольшага жывуць пэруанцы і эмігранты зь іншых краінаў, не зь Беларусі. Але ў асноўным гэта эмігранцкія раёны. Мінула толькі адна ноч. Учора ўсе ў асноўным былі занятыя тым, што транспартавалі пацярпелых у шпіталі й аказвалі ім першую мэдычную дапамогу. І сёньня а 7-й гадзіне вечара ў Мадрыдзе адбудзецца мітынг супраць тэрарызму”.

А вось іншая эмігрантка зь Беларусі, якая цяпер жыве ў Барсэлёне, прадпрымальніца Лілія Паўлава гаворыць, што пасьля тэракту найбольш кідаецца ў вочы ня страх, а салідарнасьць, якую дэманструюць жыхары Гішпаніі ў гэтыя дні:

(Паўлава: ) “Жалоба абвешчаная на тры дні. Усе, хто можа, нейкія чорныя дэталі выкарыстоўваюць у сваім гардэробе. Твары ва ўсіх сумныя, ніхто не ўсьміхаецца. Кідаецца ў вочы салідарнасьць, зь якой тут успрынялі гэтую зьяву. Літаральна ўсе выходзяць на вуліцы, сёньня дзень мітынгаў, усе будуць выходзіць. Навокал вельмі шмат добраахвотнікаў. Здаюць кроў, аказваюць псыхалягічную дапамогу, падтрымліваюць сваякоў пацярпелых. Вялікую салідарнасьць яны дэманструюць. Страху ў гішпанцаў не адчуваецца. Наадварот, кожная новая такая падзея выклікае ўсплёск салідарнасьці, жаданьне змагацца і перамагчы тэрарызм. Усё гэта нам вельмі блізка, бо побач у Расеі такая ж бяда. Дзякуй Богу, няма такой бяды ў Беларусі. Я калі нядаўна прыяжджала на адпачынак, то была ў Пяцігорску, і якраз за 15 кілямэтраў ад нас выбухнула кіславодзкая электрычка. Таму тэма нам вельмі блізкая, мы вельмі спачуваем. Гэтая бяда інтэрнацыянальная, і як яны перажываюць, так і мы”.

Ніхто з блізкіх ці знаёмых маіх суразмоўцаў у выніку тэрарыстычных выбухаў не пацярпеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG