Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО ТАКІЯ ЗАТРЫМАНЫЯ БЕЛАРУСКІЯ СПАРТОЎЦЫ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле шэрагу расейскіх мэдыяў, затрыманьне беларусаў Аляксандра Дуброўскага і Ібада Ахмэдава адбылося яшчэ 26 лютага і трымалася расейскімі спэцслужбамі ў сакрэце. Аднак пра лёс беларусаў стала вядома арабскім газэтам, у публікацыях якіх яны фігуруюць як грамадзяне Катару. Невядома, ці сапраўды Дуброўскі і Ахмедаў ужо атрымалі грамадзянства гэтай арабскай краіны, але беларускае МЗС пацьвярджае, што яны лічацца грамадзянамі Беларусі.

Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных таксама ўдакладніў зьвесткі пра затрыманьне:

(Савіных: ) “Аляксандар Дуброўскі ёсьць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і ў Маскве не затрымліваўся. Паводле нашых зьвестак, цяпер ён знаходзіцца ў Катары. Што да Ібада Ахмэдава, мы пацьвярджаем ягоную прыналежнасьць да беларускага грамадзянства. У гэты момант консульскі аддзел амбасады Беларусі ў Расеі ўдакладняе абставіны справы. Як грамадзяніну Беларусі Ібаду Ахмэдаву будзе аказаная неабходная консульская і праўная дапамога”.

Такім чынам, прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных не абвергнуў зьвестак пра затрыманьне аднаго з двух беларусаў. Расейскія мэдыі зьвязваюць гэтае затрыманьне з арыштам у Катары двух супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў, якія, магчыма, арганізавалі тэракт супраць экс-прэзыдэнта Чачэніі Зелімхана Яндарбіева. Нагадаю, 18 лютага ў Катары быў узарваны аўтамабіль зь Яндарбіевым і ягоным сынам. Празь некалькі дзён катарскія ўлады затрымалі двух супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў. Калі іхная віна ў забойстве Яндарбіева будзе даказаная, іх чакае сьмяротная кара.

Некаторыя арабскія мэдыі не выключаюць, што расейскія ўлады паспрабуюць выратаваць сваіх агентаў праз абмен на беларускіх спартоўцаў — грамадзянаў Катару. Паведамляецца, што акрамя абвінавачаньня ў правозе празь мяжу незадэкляраванай валюты Дуброўскаму і Ахмэдаву ўжо выставілі абвінавачаньне ў сувязях зь міжнародным тэрарызмам.

Між тым, у КГБ Беларусі нічога ня могуць сказаць наконт таго, ці сапраўды беларускія грамадзяне Дуброўскі і Ахмэдаў заўважаныя ў сувязях з тэрарызмам. “Мы вядзем праверку гэтых зьвестак”, — заявіў прэсавы сакратар КГБ Аляксандар Базанаў.

А вось шматразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандар Мядзьведзь, які кіруе беларускай фэдэрацыяй клясычнай барацьбы, і без праверкі перакананы, што беларускія барцы Дуброўскі і Ахмэдаў ніяк не зьвязаныя з тэрарызмам.

(Мядзьведзь: ) “Не, пра гэта нават і гаворкі няма. Звычайныя спартоўцы, ехалі, каб выйграць алімпійскую ліцэнзію і ад Катару выступіць на Алімпіядзе ў Атэнах. Дуброўскі — трэнэр, а другі — ягоны вучань”, — паведаміў Аляксандар Мядзьведзь.

Ён згадаў, што Аляксандар Дуброўскі быў прызэрам чэмпіянату Эўропы, а Ібад Ахмэдаў у 1991 годзе стаў чэмпіёнам сьвету сярод юніёраў, выступаў за зборную Беларусі, але ня вельмі ўдала. Паводле Аляксандра Мядзьведзя, спадар Дуброўскі восем гадоў таму зьехаў зь Беларусі на трэнэрскую працу ў Сырыю, а недзе два гады таму перабраўся ў Катар і прапанаваў пераехаць туды Ібаду Ахмэдаву.

Аляксандар Мядзьведзь ня ведае абставінаў затрыманьня спадара Ахмедава, але сумняецца, што той правозіў празь мяжу больш за 10 тысяч даляраў. “Калі вязеш менш, то і дэкляраваць ня трэба. Мы не дэкляруем, а калі спытаюць, колькі вязеш — адкажаш, і ўсё. На кожны дзень спаборніцтваў трэба мець 100 даляраў ды пэўную суму ўнесьці для ўдзелу ў спаборніцтвах, але не 10 тысяч. Таму ня думаю, што яны сапраўды нешта парушалі”, — сказаў Радыё Свабода Аляксандар Мядзьведзь. Ён не выключае, што беларускія спартоўцы сталі ахвярай “нейкай палітычнай авантуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG