Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НАРОДНАЯ ВОЛЯ” ПАВІННА ВЫПЛАЦІЦЬ СЯРГЕЮ АТРОШЧАНКУ 15 МІЛЬЁНАЎ РУБЛЁЎ


Ганна Соусь, Менск

Судзьдзя Вера Тупік сёньня пастанавіла, што надрукаваныя ў артыкуле “Якому бізнэсу ў Беларусі добра?” зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці ды абражаюць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю ўладальніка фірмы вырабу бялізны “Серж” Сяргея Атрошчанкі. “Народная воля” павінна надрукаваць абвяржэньне і выплаціць бізнэсоўцу 15 мільёнаў рублёў (гэта каля 7 тысяч даляраў). Патрабаваў ён ад рэдакцыі 50 мільёнаў. Нагадаю, што ў артыкуле вядомыя эканамісты й бізнэсоўцы — Леанід Заіка, Аляксандар Патупа, Андрэй Клімаў і Анатоль Шумчанка — камэнтавалі выказваньне Сяргея Атрошчанкі пра тое, што ў Беларусі “выдатныя ўмовы для бізнэсу”. Гэта прагучала, калі бізнэсовец заяўляў пра намер набыць брытанскае выданьне “Дэйлі Тэлеграф”.

Камэнтуючы для Радыё Свабода гэтае рашэньне суду, галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч зазначыў, што яму шкада судзьдзяў, якія пераўтварыліся ў інструмэнт прыдушэньня свабоды слова. Іосіф Сярэдзіч упэўнены, што такога рашэньня не было бы, калі б не адпаведная каманда зьверху. Прадстаўніца ж Сяргея Атрошчанкі ў судзе адвакатка Алена Чарэй цалкам задаволеная рашэньнем суду.

(Чарэй: ) “Лічу гэтае рашэньне паводле пазову Сяргея Атрошчанкі да індывідуальнага прыватнага прадпрыемства “Народная воля”, як і папярэдняе рашэньне паводле пазову таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Альянс-Мэдыя” і заснавальніка газэты “Обозреватель”, ня толькі законным і абгрунтаваным, але й карысным для грамадзтва. Ніводны сродак масавай інфармацыі не павінен выкарыстоўваць свайго інфармацыйнага поля для апублікаваньня й распаўсюду зьвестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці і абражаюць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю, хто б гэта ні быў”.

Сам бізнэсовец ня браў удзелу ў судовых паседжаньнях.

Як адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які быў на працэсе прадстаўніком карэспандэнткі “Народнай волі” Марыны Коктыш, рашэньне суду Ленінскага раёну будзе абскарджанае ў вышэйшых інстанцыях.

Кіраўнік цэнтру абароны СМІ Беларускай асацыяцыі журналістаў, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў лічыць, што судзьдзя Вера Тупік, якая ў свой час прысудзіла Андрэя Клімаву 6 гадоў зьняволеньня, прыняла палітычна матываванае рашэньне:

(Пастухоў: ) “Выказваньні на старонках газэты мелі характар асабістага меркаваньня і ня тычыліся ўвогуле Сяргея Атрошчанкі. Трэба было або цалкам адмовіць у гэтым пазове, або прыняць палітычна матываванае рашэньне. І сёньня судзьдзя прадэманстравала, што ўсё ж суд прытрымліваецца ў большай ступені ня прынцыпу аб’ектыўнасьці, а выказвае інтарэсы дзейнай улады. 15 мільёнаў беларускіх рублёў, на мой погляд, гэта абсалютна незразумелая сума, якая ні на чым не грунтуецца”.

Гэта ўжо другі пасьпяховы судовы працэс бізнэсоўца Сяргея Атрошчанкі супраць “Народнай волі”. 18 лютага ён выйграў суд з нагоды артыкулу “Як “Обозреватель” Сяргея Атрошчанкі па-бандыцку абышоўся з Леанідам Левіным”. Але тады суд адмовіў яму ў выплаце кампэнсацыі памерам 50 мільёнаў рублёў. Да таго ж летась Сяргей Атрошчанка зарэгістраваў гандлёвую марку “Народная воля” і запатрабаваў ад пракуратуры Беларусі спыніць выхад газэты з такой назвай. Гэтую справу ў красавіку будзе разглядаць апэляцыйная рада Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай ўласнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG