Рашэньне гарадзкой пракуратуры аб аднаўленьні крымінальнай справы за публікацыю артыкулу двухгадовай даўніны стала нечаканым для рэдакцыі выданьня.
Нагадаем, у артыкуле “Аўганские борзые” Ірына Халіп распавяла пра акалічнасьці крымінальнай справы былога дырэктара “Белдзяржхарчпрама” Віктара Казекі і ягонага сына Андрэя, кіраўніка аддзелу збыту заводу “Крышталь”. У артыкуле была закранутая дзейнасьць фірмы “Аўганвет”, якая займалася пастаўкамі каньячнага сьпірту.
Аўтарка зрабіла выснову, што прычынай арышту бацькі і сына Казекаў магло стаць рашэньне аб скасаваньні льготаў гэтай фірме, дачыненьне да якой, паводле журналісткі, мае генэральны пракурор Віктар Шэйман.
Пасьля публікацыі пракуратура распачала крымінальную справу паводле факту паклёпу. Супрацоўнікаў рэдакцыі двойчы выклікалі на допыт, але пасьля гэтага амаль два гады нікога не турбавалі.
25 лютага ўчастковы інспэктар патэлефанаваў бацькам Ірыны Халіп і паведаміў, што мае даручэньне пракуратуры аб прымусовым прыводзе іх дачкі на допыт. Апроч таго, ён наведаў некалькіх знаёмых Ірыны, каб ёй перадалі гэтае прадпісаньне. Ірына Халіп мае некалькі вэрсіяў наконт аднаўленьня крымінальнай справы.
(Халіп: ) “Магчыма, сапраўды кіраўніцтва пракуратуры вырашыла давесьці гэтую крымінальную справу да яе лягічнага канцу. Магчыма, гэта ўсё зьвязана з маёй дзейнасьцю ў “Новой газете”. У кастрычніку мяне выклікалі ў рэспубліканскую пракуратуру. Яны самі прызнаваліся, што ня маюць ніякіх мэханізмаў узьдзеяньня на расейскую прэсу. Такім чынам, магчыма, вырашылі ўхапіцца за мае публікацыі ў беларускай прэсе. Магчыма, ёсьць яшчэ нешта трэцяе, аб чым мы яшчэ папросту ня ведаем. Магчыма, гэта нейкая помста кагосьці з пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Было б вялікай памылкай шукаць нейкую складаную шматхадовую камбінацыю. Таксама я не магу выключыць таго, што справа супраць Віктара Казекі атрымала нейкія новыя дэталі і, магчыма, зьявілася нейкая новая тэндэнцыя”.
Фірма “Афганвет” два гады таму зьвярнулася ў Кастрычніцкі суд Менску з пазовам аб абароне дзелавой рэпутацыі з нагоды публікацыі артыкула ў газэце “Для служебного пользования”, але ў судзе гэтай справай не займаліся. Цяпер, згодна з крымінальна-працэсуальным кодэксам, сьледзтва мусіць знайсьці альбо абвергнуць факты, прыведзеныя ў артыкуле Ірыны Халіп.