Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТОТЫДЗЕНЬ БЕЛАРУСКІЯ МЫТНІКІ КАНФІСКОЎВАЮЦЬ ТАВАРАЎ НА НЕКАЛЬКІ МІЛЬЁНАЎ ДАЛЯРАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Для ўраду прэзыдэнта Лукашэнкі геаграфічнае становішча ягонай краіны – гэта як штодзённы выйгрыш у лятарэі, а для замежнікаў і перавозчыкаў, якія мусяць ехаць праз Беларусь па справах – гэта жах. У Беларусі кожны год мытнікам кажуць браць усё больш вялікія штрафы і больш канфіскоўваць. І кожны год такія загады выконваюцца”, – піша тыднёвік “Forum”.

Далей часопіс піша пра тое, што кожны тыдзень беларускія мытнікі канфіскоўваюць тавараў на некалькі мільёнаў даляраў, прычым старшыня мытнага камітэту Беларусі афіцыйна заяўляе, што пастаяннае павелічэньне прыбыткаў бюджэту з мытных апэрацыяў – гэта адзін з галоўных паказчыкаў працы беларускай мытні.

Павялічваюцца ня толькі прыбыткі, але й памер канфіскаваных грузаў, адзначае “Forum”. Прыкладам, летась у лістападзе суд у Наваполацку загадаў канфіскаваць 9 тысячаў тонаў неперапрацаванага цукру. 141 вагон гэтага тавару на суму каля 2 мільёнаў даляраў перавозіўся з Латвіі ў Львоў, але дакумэнты на цукар беларускія мытнікі палічылі несапраўднымі, і ён быў канфіскаваны. На беларускай мяжы канфіскоўваюць аўтамабілі, мэблю ды іншыя тавары. Прычым, піша польскі штодзёньнік, рашэньне ў справе канфіскацыі практычна немагчыма абскардзіць.

Такой сытуацыяй абураныя суседзі Беларусі. Амбасадар Нямеччыны Гельмут Фрык ў часе адной з канфэрэнцыяў у Менску заявіў, што павелічэньне колькасьці канфіскаваных у нямецкіх грамадзянаў тавараў і аўтамабіляў вядзе да сур’ёзнага напружаньня ў двухбаковых дачыненьнях.

“У сваю чаргу амбасадар Расеі Аляксандар Блахін сказаў тое самае, толькі ў менш дыпляматычнай форме”, – піша “Forum”. “Паводле ягоных словаў, сыстэматычная канфіскацыя расейскіх тавараў – гэта сьвядомая палітыка беларускага ўраду. Блахін падаў лічбы, паводле якіх ў 2002 годзе беларускія мытнікі канфіскавалі расейскіх таварў на 60 мільёнаў даляраў”.

Польскі часопіс адзначае таксама, што ўрад Лукашэнкі атрымлівае ад працы мытні ня толькі грашовыя прыбыткі, але й выкарыстоўвае гэтую службу для барацьбы з апазыцыяй.

“Цягам апошніх трох гадоў многія зь вядомых апазыцыйных дзеячоў, які езьдзілі за мяжу, затрымліваліся мытнікамі, а друкаваныя матэрыялы, якія яны мелі пры сабе, канфіскоўваліся. Летась у верасьні мытнікі абшукалі нават дэпутатаў беларускага парлямэнту Валера Фралова і Ўладзіміра Парфяновіча, якія, паводле закону, маюць права на недатыкальнасьць. Але старшыня дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі ня лічыць, што ягоныя супрацоўнікі парушылі закон. Больш таго, ён нават прызнаўся, што асабіста загадаў спраўдзіць дэпутатаў”, – піша “Forum.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG