Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДМАНУТЫЯ СЯЛЯНЕ ПАТРАБУЮЦЬ ГРОШЫ ЗА БУЛЬБУ


Марыя Ўсьціновіч, Бялынічы

Бульбу на Бялыніцкі крухмальны завод восеньню здавалі сяляне з навакольных сельскіх раёнаў, больш за сто чалавек. Вяскоўцы кажуць, што прадпрыемства паабяцала заплаціць ім грошы праз два тыдні.

(Спадар: ) “Мы падумалі, што лепш сюды і верна будзе, калі грошы адразу аддадуць і ўсе пытаньні будуць вырашаныя”.

(Спадарыня: ) “Што мы разьлічвалі набыць? Брыкет трэба быў, зіма надыходзіла. Грошы ўвогуле заўсёды патрэбныя”.

(Спадарыня: ) “У нас жабрацкі заробак, разьлічваюць нас раз на паўгады. Была надзея толькі на гэтую бульбачку, вырасьціць яе, каб сабраць дзяцей і адправіць вучыцца. А во што атрымалася ў нас…”

Атрымалася так, што 70 сялянам не заплацілі за бульбу яшчэ ні капейкі. Прычым завод вінен ім досыць вялікія сумы, бо тыя здавалі адразу некалькі тонаў. Аднак кіраўніцтва сьцвярджае, што грошай у прадпрыемства зараз няма. Гаворыць дырэктар ААТ “Бялыніцкі крухмальны завод” Аляксандар Паддубскі.

(Паддубскі: ) “Сёньня сытуацыя на зводзе вельмі складаная, на жаль. Крэдыторская запазычанасьць складае 800 мільёнаў рублёў”.

Справа ў тым, што летась завод закупіў у Нямеччыне насенную бульбу і аддаў яе гаспадаркам. Пасьля ўборкі ўраджаю калгасы вярнулі на вытворчасьць крухмалу толькі малую частку таго, пра што дамаўляліся з заводам. Цяпер бялыніцкае прадпрыемства вымушанае плаціць нямецкім партнэрам са сваёй кішэні, бо невыкананьне абавязацельстваў перад замежнікамі пагражае вялізнымі штрафнымі санкцыямі.

(Паддубскі: ) “Мы актыўна вядзем разьлікі зь нямецкай фірмай, і літаральна бліжэйшым часам павінны канчаткова разьлічыцца з насельніцтвам. Хаця на сёньняшні дзень гэта складана”.

Людзі, якія здалі бульбу і не атрымалі за яе грошы, натуральна, абураюцца. Яны разумеюць складанасьці прадпрыемства, аднак не могуць дараваць падману. Акрамя гэтага, круглянцы, якія сёньня патрабавалі свае грошы, заявілі, што больш ніколі не павязуць сваю бульбу на пераапрацоўчыя прадпрыемствы.

(Спадар: ) “Ясная справа, што надзею мы страцілі. Калі насельніцтва страчвае магчымасьць атрымаць грошы, то, адпаведна, няма і жаданьня вазіць сюды гэтую бульбу”.

Адныя сяляне гавораць, што будуць карміць бульбай сьвіней, а іншыя – што ўвогуле кінуць бульбаводзтва. Тым больш, што сёньня падманутыя людзі так і не знайшлі канкрэтных вінаватых у сваіх бедах.

(Спадарыня: ) “Хто яго ведае, хто вінаваты. Дзяржава вінаватая. Што расьцім, а збыць няма куды. Хаця ж збылі, а атрымаць за гэта немагчыма. Нельга атрымаць анічога – ні заробак, ні за тое, што вырасьціў. Зажымаюць селяніна зусім. Ня ведаю, як далей будзем жыць, не ведаю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG