Вось як Аляксандар Гудыма адказаў на пытаньне, ці мае Ўкраіна магчымасьць забясьпечыць дадатковыя пастаўкі расейскага газу ў Эўропу, калі транзыт празь Беларусь будзе на нейкі час спынены:
(Гудыма: ) "Вядома, калі мова ідзе пра дадатковыя аб'ёмы, якія Расея можа пракачаць для эўрапейскага спажыўца, то такія магчымасьць у цяперашняй газатранспартнай сыстэме Ўкраіны ёсьць. Наколькі я інфармаваны, прэзыдэнт Беларусі Лукашэнка ўжо, нібыта, пагадзіўся на новыя фінансавыя ўмовы Газпрому. Калі ён пагадзіўся, то гэта ўжо пост фактум, што Расея паставіла Беларусь на калені сваімі ўльтыматыўнымі патрабаваньнямі. Калі ж мова ідзе пра магчымасьць перакачкі дадатковай колькасьці газу ў абход Беларусі, дык такая магчымасьць ва ўкраінскай газатранспартнай сыстэмы ёсьць. Гэта адзназначна”.
Мы спыталіся таксама ў кіраўніка падкамітэту газавай прамысловасьці Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандра Гудымы, ці робіць яго краіна нейкія крокі, каб забесьпячыць альтэрнатыўнасьць паставак газу і зьніжэньне газавай залежнасьці ад Расеі.
(Гудыма: ) "І ня толькі Ўкраіна, але разам з Эўрапейскім Зьвязам. Ужо чатыры гады Ўкраіна разам з эўрапейскімі дзяржавамі разьвівае праект магчымага касьпійскага шляху газу – гэта значыць газу з Туркмэністану, зь Ірану, з Азэйрбайджану праз Армэнію, праз Чорнае мора. Гэтак сама, як зрабіла Расея са сваім так званым "Блакітным патокам" у Турэччыну. Так што ня толькі Ўкраіна, але і Эўрапейскі Зьвяз зацікаўленыя зьменшыць манаполію Расеі на пастаўкі газу ў Эўропу. Выхад іранскага і туркмэнскага газу не праз тэрыторыю Расеі, але праз Чорнае мора – гэта будзе вялікі крок для Ўкраіны, для Эўрапейскага Зьвязу і для Беларусі, якая атрымае праз тэрыторыю Ўкраіны дадатковыя аб'ёмы касьпійскага газу. Так што Ўкраіна працуе над зьмяншэньнем газавай залежнасьці ад Расеі, але ва ўмовах расейскага ціску, калі Расея хоча ўзяць пад кантроль усю нашую газатранспартную сыстэму. Так што мы маем падобныя праблемы і мы ня хочам, каб наша газатранспартная сыстэма перайшла пад уплыў ці пад кантроль расейскага Газпрому”.
Што да пытаньня спробаў Расеі ўзяць пад кантроль украінскую газавую трубу, дык Аляксандар Гудыма заявіў, што для Расеі гэта фінансава немагчыма, бо Ўкраіна ацэньвае сваю газатранспартную сыстэму – аналяг беларускага “Белтрансгазу” – ня менш як на 15 мільярдаў даляраў. Вось як палітыку Расеі ў пытаньнях газавых трубаправодаў ацэньвае Аляксандар Гудыма:
(Гудыма: ) "Яна і ня хоча нічога купляць за грошы. Яна хоча ўсё мець бясплатна. Таму Расея ціснула на ўкраінскі ўрад, маўляў, мы самі ня можам нармальна эксплюатаваць сваю газавую трубу і нам патрэбныя дасьведчаныя экспэрты з “Газпрому”. І вось каб пракачваць праз нас дадатковыя колькасьці газу, яны ўжо год ня могуць прыдумаць, што такое міжнародны кансорцыюм, які яны хочуць 50 на 50 стварыць з Ўкраінай. Хаця мова ідзе пра тое, што яны ў сапраўднасьці хочуць узяць пад кантроль – ці то ў кіраваньне, ці то ў канцэсію – украінскую газатранспартную сыстэму. Калі гэта здарыцца, тады можна пахаваць ідэю альтэрнатыўных паставак газу з Касьпійскага рэгіёну ў Эўропу праз тэрыторыю Ўкраіны, а Ўкраіна страціць шанец атрымаць трэцюю крыніцу паставак газу. Бо, як вядома, мы здабываем 25% уласнага газу... Так што гэта ёсьць жорсткая барацьба за сваю энэргетычную незалежнасьць”.