Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІГАР ІВАНОЎ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ГАЗАВЫ КАНФЛІКТ НЕ ПАЎПЛЫВАЕ НА ІНТЭГРАЦЫЮ


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле міністра замежных справаў Расеі Ігара Іванова, пасьля травеньскага далучэньня шэрагу краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы да Эўразьвязу ў дачыненьнях Расеі й Беларусі з гэтымі дзяржавамі можа ўзьнікнуць прававы вакуум, які выкліча істотныя цяжкасьці, перш за ўсё ў галіне эканомікі. Міністры замежных справаў Расеі і Беларусі выказаліся за каардынацыю сваіх перамоваў з Эўразьвязам і ягонымі новымі сябрамі. Адну з найбольшых праблемаў тут складае пэрспэктыва ўвядзеньня ў новых краінах Эўразьвязу шэрагу антыдэмпінгавых захадаў адносна тавараў зь Беларусі й Расеі.

Вострымі застаюцца і супярэчнасьці ў двухбаковых дачыненьнях — Беларусь і Расея ніяк ня могуць дамовіцца пра падпісаньне кантракту на пастаўку расейскага газу і пра ўмовы ўдзелу “Газпрому” ў прыватызацыі “Белтрансгазу”. Міністры сёньня закранулі й гэтую тэму. Гаворыць кіраўнік расейскага замежнапалітычнага ведамства Ігар Іваноў:

(Іваноў: ) “Я б не фармуляваў так, што гэта супярэчнасьць паміж Расеяй і Беларусьсю, гэта ёсьць пэўныя рознагалосьсі паміж суб’ектамі гаспадараньня, якія вырашаюцца менавіта ў гэтым фармаце. Мы вельмі разьлічваем, што будуць знойдзеныя адпаведныя кампрамісныя дамоўленасьці, якія дазволяць выйсьці на неабходнае рашэньне”.

На думку спадара Іванова, газавыя супярэчнасьці ня могуць спыніць інтэграцыйнага працэсу. Наадварот, мяркуе спадар Іваноў, інтэграцыя дазволіць стварыць мэханізмы, што дазволяць урэгуляваць праблемы кшталту газавай без нэгатыўных наступстваў.

Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў таксама ня ставіць пад сумнеў інтэграцыйных працэсаў у сувязі з газавым канфліктам.

(Мартынаў: ) “Мы да гэтых момантаў ставімся ня столькі як да невырашальных супярэчнасьцяў, колькі як да задачы, якую неабходна вырашыць, выкарыстоўваючы інтэграцыйныя рычагі. Калі б не інтэграцыйныя працэсы, то гэтая задача зусім не была б вырашаная на якім-кольвек прымальным ўзроўні”, — заявіў міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў.

Абодва міністра падпісалі праграму ўзгодненых дзеяньняў у галіне замежнай палітыкі і плян кансультацыяў паміж МЗС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG