Гэта было першае публічнае сьведчаньне Дэвіда Кі ў Кангрэсе пасьля таго, як ён у мінулую пятніцу пакінуў пасаду кіраўніка Ірацкай інспэкцыйнай групы:
(Кі: ) “Я мяркую, што намаганьні інспэктараў у Іраку ў пошуку зброі былі мэтанакіраванымі і дастаткова інтэнсіўнымі, таму малаверагодна, каб там былі вялікія запасы хімічнай і біялягічнай зброі”.
Кі сказаў, што “тэарэтычна магчыма”, што нейкая забароненая зброя можа быць яшчэ знойдзеная, але асабіта ён у гэтым сумняецца, бо ягоная каманда не змагла знайсьці аніякіх сьведчаньняў існаваньня ў Іраку нават маленькіх запасаў зброі.
Праблема ядзернай, біялягічнай і хімічнай зброі і зьвязаных зь ёй распрацоўкамі стала ключавой падставай, якую назваў прэзыдэнт Буш, каб напасьці на Ірак. Кі сказаў, што правал у пошуках зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку паказаў слабасьць у зборы інфармацыі амэрыканскіх выведных службаў. На думку Дэвіда Кі, іх праца патрабуе ўдасканаленьня. Але ёсьць і аб’ектыўныя прычыны. Галоўная ў тым, што цяжка зьбіраць інфармацыю у тых краінах, дзе няма лёгкага і свабоднага доступу да аб’ектаў і дзе няма адкрытага грамадзтва.
Кі быў прызначаны на пасаду галоўнага інспэктара ва ўзбраеньнях у Іраку адміністрацыяй Буша летась. Тады, сказаў Кі, ён верыў у наяўнасьць зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку. На ягоную думку, выказаную ўчора ў Кангрэсе ЗША, перакананьне Джорджа Буша і ягонай адміністрацыі, што Ірак уяўляе пагрозу міру, не было беспадстаўным. У тым пераконвалі зьвесткі, якія ішлі зь Іраку цягам апошніх 12 – 15 гадоў. Фраза “нарастаючая пагроза” рэгулярна выкарыстоўвалася Бушам да ўварваньня ў Ірак. Кі адрынуў абвінавачаньні сэнатараў-дэмакратаў і іншых крытыкаў, што на аналітыкаў сытуацыі ў Іраку ціснула адміністрацыя Буша, каб апраўдаць інтэрвэнцыю. Былы галоўны інспэктар засьведчыў, што ніводзін з аналітыкаў, зь якімі ён размаўляў, ня скардзіўся на такі ціск.