Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАМОЖЦЫ КОНКУРСУ КАЛЯДНЫХ СЬПЕВАЎ АТРЫМАЛІ ПАДАРУНКІ РАДЫЁ СВАБОДА


Галіна Абакунчык, Менск

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Алесь, спачатку я папрасіла бы вас распавесьці крыху пра сябе”.

(Рымарук: ) “Мяне завуць Алесь Рымарук, я нарадзіўся й жыву ў Баранавічах вось ужо сорак гадоў. Працую сьлесарам на заводзе аўтаматычных лініяў. Маю жонку Людмілу, з намі жыве мая мама. Вельмі люблю сьпевы й некалі нават сьпяваў у касьцельным хоры, але цяпер не. Дзесяць гадоў таму, калі я там быў, сьпевы выконваліся па-польску, і на знак пратэсту, што не на беларускай мове, я сышоў”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці даўно вы слухаеце “Свабоду”? Ці ёсьць у вас сябры або знаёмцы, якія таксама слухаюць?”

(Рымарук: ) “Свабоду” я слухаю з 1990 году. Неяк выпадкова знайшоў — і цяпер нават не ўяўляю, як можна пражыць без паведамленьняў вашага радыё. І ўвогуле ў Баранавічах слухаюць “Свабоду”. Да прыкладу, калі я прасьпяваў на радыё калядкі й прыйшоў раніцой на працу, то нават не чакаў, што простыя рабочыя на заводзе будуць падыходзіць да мяне й казаць, што яны чулі мяне”.

(Карэспандэнтка: ) “Вам было прыемна, што яны чулі?”

(Рымарук: ) “Так, прыемна. Я ўвогуле люблю сьпяваць, і калі ёсьць такая магчымасьць, каб яшчэ й нехта пачуў, то чаму й не засьпяваць?”

(Карэспандэнтка: ) “Калі гэта звычайна было — уранку, увечары? Як хатнія да гэтага ставіліся?”

(Рымарук: ) “Стараўся адасоблена гэта рабіць, каб ніхто не перашкаджаў. Звычайна ўвечары, а адну песьню нават у навагоднюю ноч сьпяваў”.

(Карэспандэнтка: ) “Чакалі вынікаў?”

(Рымарук: ) “Ну канечне. Дзякуй тым, хто слухаў, хто адзначыў. Натуральна, я ўзрадаваўся. Я сьпявак не прафэсійны, але для мяне музыка — гэта сапраўдная асалода”.

(Карэспандэнтка: ) “Можа вы й сям’ёй сьпяваеце?”

(Рымарук: ) “Я сьпяваю з маці, з жонкай — “Магутны Божа”, да прыкладу. Увогуле ня ведаю, як магчыма адзначыць сьвята 25 сакавіка бяз гэтага нашага беларускага гімну? А нядаўна мне Бог даў магчымасьць напісаць музыку на словы Сяргея Новіка-Пяюна. Я перакананы, што нашая Беларусь будзе вольная. І на разьвітаньне жадаю гэтага супрацоўнікам і ўсім слухачам Радыё Свабода”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG