Уладзімер Пуцін пасьля перамоваў падкрэсьліў, што падмурак двухбаковых адносінаў даволі моцны, каб пераадолець існыя супярэчнасьці. Расейскі лідэр пералічыў накірункі, у якіх супрацоўніцтва разьвіваецца пасьпяхова.
(Пуцін: ) “У нас няблага разьвіваюцца гандлёва-эканамічныя сувязі, умацоўваецца ўзаемадзеяньне на контртэрарыстычным накірунку, дастаткова шчыльна мы працуем разам у Афганістане”.
Летась вельмі вострымі былі супярэчнасьці паміж Вашынгтонам і Масквой ў ірацкай праблеме. Паводле прэзыдэнта Расеі, у гэтым пытаньні мае месца пэўнае збліжэньне пазыцыяў.
(Пуцін: ) “Працягваецца дыскусія наконт урэгуляваньня ў Іраку. Мы гэтак жа як і вы лічым, што ААН павінна вяртацца ў Ірак. Вы ведаеце, што ў Маскве прайшлі перамовы з часовай кіроўчай радай Іраку. Сам факт гэтай сустрэчы мы разглядаем як маральную і палімтычную падтрымку часовай кіроўчай рады”.
У сваю чаргу, Колін Паўэл у інтэрвію “Известиям” падкрэсьліў высокі ўзровень даверу, для ўмацаваньня якога прыклалі вялікія высілкі прэзыдэнты Джордж Буш і Ўладзімер Пуцін. Разам з тым, занепакоенасьць Вашынгтону выклікае ня толькі пазыцыя Масквы ў іракцім пытаньні, але і пэўныя тэндэнцыі ў расейскай унутранай палітыцы, у прыватнасьці, леташні арышт бізнэсмэна Міхаіла Хадаркоўскага, ціск на свабодныя мэдыі, вынікі думскіх выбараў, якія вызначаліся посьпехам нацыяналістычных партыяў і паразаю лібэральных. У інтэрвію “Известиям” Паўэл дыпляматычна заўважыў, што дэмакратычная сыстэма Расеі, відаць, яшчэ не знайшла балянсу паміж выканаўчай, заканадаўчай і судовай галінамі ўлады, а палітычная ўлада яшчэ ня цалкам прывязаная да нормаў права.
Яшчэ адна крыніца супярэчнасьцяў – расейская палітыка адносна краінаў СНД, у прыватнасьці, Украіны, Малдовы і Грузіі. У Маскву Колін Паўэл прыляцеў з Тбілісі, дзе прысутнічаў на інаўгурацыі прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі. У Тбілісі Паўэл заявіў:
(Паўэл: ) “На маіх заўтрашніх сустрэчах у Маскве я чакаю, што мы абмяркуем наш агульны інтарэс ва ўсталяваньні бясьпечнай, стабільнай і дэмакратычнай Грузіі. І я яшчэ раз нагадаю нашым расейскім калегам, што мы чакаем выкананьня Масквою стамбульскіх пагадненьняў 1999 году. Я спадзяюся што мы абмяркуем усе праблемы, што тычацца бясьпекі Грузіі і магчымасьці нашай дапамогі прэзыдэнту Грузіі”.
У 1999 годзе ў Стамбуле Расея абяцала вывесьці з Грузіі дзьве вайсковыя базы да сярэдзіны 2001 году і дамовіцца з Тбілісі наконт вывваду яшчэ двух базаў. Расея настойвае на тым, каб вывад гэтых двух апошніх базаў расцягнуўся на 11 гадоў.
У Маскве Паўэл паўтарыў, што ЗША ня маюць намеру разьмяшчаць у Грузіі свае ваенныя базы.