Пазалетась у верасьні да 75-годзьдзя з дня нараджэньня аўтара “Блякаднае кнігі”, “Хатынскае аповесьці”, “Карнікаў” ды шмат якіх іншых твораў, якія ў свой час прынесьлі славу пісьменьніку, у менскім Музэі гісторыі беларускае літаратуры была вялікая мэмарыяльная выстава. Яна працавала там год. А пасьля яе закрыцьця дачка пісьменьніка Наталя прапанавала да сёньняшняе сумнае даты выставіць экспазыцыю ў Маскве ў Дзяржаўным літаратурным музэі. Там ідэю падтрымалі. Музэй даў пад выставу асабняк у Трубнікаўскім завулку, а расейскае Міністэрства культуры — грошы на разьмяшчэньне экспазыцыі. Але экспанаты застаюцца ў Менску — у беларускім Мінкульце не знайшлося грошай на іх перавоз у Маскву. Спадарыня Наталя шукае цяпер фундатараў.
Шукае яна фундатараў і на стварэньне на радзіме Алеся Адамовіча, у мястэчку Глуша, арыгінальнага музэю ў парожнім цяпер памяшканьні аптэкі, якая ў час нямецкае акупацыі была штабам “вайны пад стрэхамі”. Гаворыць Наталя Адамовіч:
(Адамовіч: ) “Хацелі мы там зрабіць музэй не Адамовіча, а музэй “Вайны пад стрэхамі”. Таму што гэты вобраз таксама ён даў першы. Вобраз вайны пад стрэхамі — гэта яго вобраз. Ён першы сказаў пра гэта, пра што цяпер усе мы ведаем, што народ кінулі на чатыры гады, і трэба было ж неяк жыць і выжываць…”
З 1997 году ходзіць спадарыня Наталя па высокіх кабінэтах, аднак ідэя музэю, які б распавядаў пра антыфашыстоўскае змаганьне землякоў пісьменьніка і гісторыю стварэньня раману “Вайна пад стрэхамі” так і не ўвасобленая. Тое ж і з прапановаю зьняць фільм па сцэнары Алеся Адамовіча паводле ягонае аповесьці “Нямко”.
(Адамовіч: ) “Мы падавалі гэты сцэнар у Міністэрства культуры, але яно таксама ім не зацікавілася…”
Цяпер сцэнаром Адамовіча зацікавіліся нямецкія кінэматаграфісты. Але спадарыня Наталя спадзяецца, што здымацца ў фільме будуць і беларускія акторы, і здымкі будуць там, дзе адбываліся падзеі, пра якія ён распавядае.
(Адамовіч: ) “Гэта ж тэма каханьня, тэма адносінаў беларускае дзяўчынкі і нямецкага хлопчыка ў часе вайны. У гэтым жахлівым віры вайны тагачасныя Рамэа і Джульета з розных краінаў”.
Наагул ідэяў ушанаваньня памяці пісьменьніка і змагара за дэмакратычную Беларусь было пасьля яго сьмерці выказана шмат. Але зрэалізаваць, апрача ўсталяваньня прэміі ПЭН-Цэнтру імя Алеся Адамовіча, удалося яшчэ толькі адну, дый тое часткова. Вуліца імя Алеся Адамовіча ёсьць цяпер у яго роднай Глушы. Але сваякі і сябры хацелі, каб так называлася вуліца, на якой стаіць бацькоўская хата і аптэка, у якой шмат гадоў працавала маці пісьменьніка і якая была ў часе вайны антыфашыстоўскім штабам. Вуліца гэтая называецца Кастрычніцкая, яна самая вялікая ў Глушы. Але надаць ёй імя знакамітага земляка мясцовыя ўлады не дазволілі. Пагадзіліся перайменаваць толькі маленькую Школьную вуліцу. Якая, дарэчы, вядзе да могілак, на якіх пахаваны пісьменьнік.