Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


РСЭ/РС

Спачатку – пра каляндарныя адметнасьці ўчорашняе нядзелі.

25 студзеня праваслаўныя беларусы ўшаноўвалі памяць сьвятой пакутніцы Тацяны. Тацяну закатавалі ў трэцім стагодзьдзі ў паганскім яшчэ Рыме за яе хрысьціянскія перакананьні. У Расеі Тацяна лічыцца апякункай студэнтаў, бо акурат у ейны дзень быў заснаваны Маскоўскі ўнівэрсытэт. А ў Беларусі ўчора афіцыйна адзначаўся Дзень беларускай навукі, які прызначаны на апошнюю нядзелю студзеня.

25 студзеня 1831 году польскі сойм абвясьціў пра скіданьне расейскага цара Мікалая І з польскага пасаду. Гэта была важная акцыя ў часе антырасейскага паўстаньня 1831 году. Менавіта 25 сакавіка ў Варшаве нарадзіўся лёзунг, зьвернуты да расейскага народу: “За вашу і нашу свабоду!“ Праўда, пасьля гэтага Расея паслала ў Польшчу вялізнае войска і пасьля 9-ці месяцаў крывавых баёў паўстаньне было задушанае. На доўгі час Польшча была пазбаўленая незалежнасьці і лічылася часткай Расейскай імпэрыі.

25 студзеня споўнілася 245 гадоў з дня нараджэньня шатляндзкага паэта Робэрта Бёрнса; 200 гадоў паэту, перакладчыку і выдаўцу Антону Адынцу – удзельніку тайнага студэнцкага таварыства філяматаў і сябру Адама Міцкевіча; і 135 гадоў ад нараджэньня беларускага паэта Адама Гурыновіча.

Таксама 25 студзеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет амэрыканскі бізнэсовец Уільям Колгейт, які прыдумаў вядомую зубную пасту, ангельскія пісьменьнікі Ўільям Самэрсэт Моэм і Вірджынія Вульф, бэльгійскі фізык, Нобэлеўскі ляўрэат Ільля Прыгожын, бацькі якога паходзілі зь Беларусі, экс-прэзыдэнт Грузіі Эдуард Шэварднадзэ і расейскі артыст і сьпявак Уладзімер Высоцкі.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

26 студзеня 1586 году Нясьвіж атрымаў магдэбурскае права.

26 студзеня 1990 году Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў Закон аб Мовах. Адзінай дзяржаўнай мовай называлася беларуская, якой – цытую – “забясьпечваецца ўсебаковае разьвіцьцё і функцыянаваньне ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця“. Расейская мова называлася мовай міжнацыянальных зносін народаў СССР. Але пасьля рэфэрэндуму 1995 году расейскай мове быў нададзены статус другой, а фактычна першай дзяржаўнай і выкананьне Закону аб мовах было спыненае. Пачалася далейшая русіфікацыя краіны.

Сёньня спаўняецца 10 гадоў з дня сьмерці выдатнага беларускага пісьменьніка Алеся Адамовіча.

Сярод знакамітых людзей, якія прыйшлі на сьвет 26 студзеня ў розныя гады, згадаем сёньня румынскага камуністычнага дыктатара Нікалая Чаўшэску, амэрыканскую камуністку, змагарку за правы нэграў і жанчын Анджэлу Дэвіс і найвялікшага канадзкага гакеіста беларускага паходжаньня Ўэйна Грэцкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG