Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭФОРМА БЕЛАРУСКАЕ МОВЫ 1933 ГОДУ: КУХНЯ Й НАСТУПСТВЫ


Юрась Бушлякоў, Менск

(Бушлякоў: ) “Рэформа, якой спаўняецца 70 гадоў, цi не найдраматычнейшы эпiзод у гiсторыi беларускае лiтаратурнае мовы ХХ ст. Каб пацьвердзiць такую ацэнку, нам даволi ўсяго аднаго факту: савецкая рэформа на доўгiя дзесяцiгодзьдзi спарадзiла iснаваньне варыянтаў нашае лiтаратурнае мовы, сама мала варыянтаў правапiсных. Пастанова Саўнаркаму БССР ад 26 жнiўня 1933 году стала лягiчным вынiкам той палiтыкi, якая ў дачыненьнi да нацыянальных атрыбутаў у цэлым i беларускае мовы ў прыватнасьцi праводзiлася ў Савецкай Беларусi пачынаючы фактычна з канца 1920-ых гг. Ідэалягiчны тэрор амаль цалкам вынiшчыў беларускае мовазнаўства. Каму давялося ў 1933-iм рыхтаваць праект пастановы? Што гэта былi за людзi? Іншымі словамі, якая была кухня савецкай рэформы беларускае мовы?”

(Скалабан: ) “Я хацеў бы падкрэсьліць асаблівасьць гэтага часу – 1932–1933 гадоў. У 1932 годзе ў Менск прыехаў новы партыйны лідэр Мікалай Гікала – чалавек амбітны, жорсткі. Ён праседзеў тут, на гэтай пасадзе, да пачатку 1937 году, потым яго перавялi ў Харкаў, а ў 1938-ым зьнiшчылi. Займацца пытаньнямі ідэалягічнай работы ў 1932 годзе прыехаў з Масквы Вацлаў Жаброўскі. Менавіта Жаброўскі рыхтаваў матэрыялы па вядомай пастанове “Аб фактах прасочваньня клясава варожых уплываў у беларускую літаратуру”. Гэта пачатак 1933-га, калі былі зганеныя пісьменьнікі Мікола Нікановіч, Сымон Баранавых, калі зьняславiлi Платона Галавача за тое, што ён прапусьціў у сьвет шосты том твораў Янкі Купалы зь вершамі “нацыяналістычнага зьместу”, калі 50-гадовы юбілей Янкі Купалы быў аб’яўлены “нацыяналістычным зборышчам”. Пастанова 1933-га “Аб фактах прасочваньня клясава варожых уплываў у беларускую літаратуру” фактычна пачала новы этап ува ўсёй так званай ідэалягічнай рабоце. Усё высочвалася, усё кантралявалася. Менавiта ў пачатку 1933 году канчаткова зламалі Купалу – ён выступае ў Маскве з прызнаньнямі, што нацдэмы – гэта нацдэмы, а ён – чалавек, адданы савецкай уладзе. У лютым 1933-га пачынаюцца новыя арышты беларускіх пісьменьнікаў. І ў такой атмасфэры вярнуліся зноў да пытаньня мовы. Захавалася даволі шмат матэрыялаў бюро ЦК кампартыі Беларусі. Усе моўныя пытаньні разглядаліся на бюро ЦК”.

(Бушлякоў: ) “Спадару Віталю, у 1990-ыя гг. працы дасьледнікаў вывелі на сьвятло асобу наркама асьветы БССР Чарнушэвіча. У ліпені – жніўні 1933-га закрыта, абсалютна без публічнага розгаласу праходзілі паседжаньні правапіснае камісіі, створанай у Саўнаркаме – старшыняваў там Дзьмітры Чарнушэвіч. Можа, гэта якраз шэры кардынал савецкай рэформы беларускае мовы?”

(Скалабан: ) “Не, гэта быў ня Дзьмітры Чарнушэвіч. Быў яшчэ адзін Чарнушэвіч. Здаецца, Аляксандар. Найчасьцей ён фігуруе ў дакумэнтах пад ініцыяламі А. А. Гэта былы работнік ЦК КПБ, загадчык аднаго з аддзелаў ЦК КПБ. У 1933-ім, пасьля таго, як наркама Платуна адправілі на працу ў Сібір, наркамам асьветы стаў Чарнушэвіч, але ня Дзьмітры, а Аляксандар. Афіцыйна правапісную камісію ачольваў Мiкалай Галадзед, але, што вельмі цікава, 8-га жніўня 1933 году бюро ЦК КПБ задаволіла просьбу Галадзеда “аб аслабаненьні яго ад работы старшыні камісіі па пытаньні спрашчэньня беларускага правапісу”. Кіраўніком камісіі быў тады прызначаны Васiль Шаранговіч”.

(Бушлякоў: ) “Можам сказаць, што нiякага публічнага абмеркаваньня тых навацыяў, якія ўзьнікалі ў нетрах камісіі, не было…”

(Скалабан: ) “Так, гэта было келейна й пасьля выклікала пэўны пратэст беларускіх пісьменьнікаў. Пра гэта таксама ёсьць сьведчаньні. А раней жа – яшчэ ў пачатку 1933 году – меркавалася, што
будзе праведзеная акадэмічная канфэрэнцыя тыпу моўнай канфэрэнцыі 1926 году, дзе публічна ўсе дыскусiйныя пытаньні маглі б быць абмеркаваныя”.

(Бушлякоў: ) “Паасобныя прадстаўнікі савецкага мовазнаўства рэгулярна сьцьвярджалi, а хто-нiхто й сёньня працягвае сьцьвярджаць, што абсалютная бальшыня навацыяў 1933-га вынiкае з прапановаў 1920-ых, у прыватнасьцi, з прапановаў Акадэмiчнае канфэрэнцыi па рэформе беларускага правапiсу й азбукi, якая адбылася ў Менску ў 1926 годзе. Цi гэта сапраўды так?”

(Саўка: ) “Калі нейкія прапановы й былі ўлічаныя, то яны проста выцягваліся, нібы шулерам, з рукава. Уводзіліся артаграмы, якія набліжалі беларускую мову – прынамсі вонкава, у артаграфічным абліччы – да расейскай абсалютна без уліку, ці гэта робіцца гарманічна й комплексна. Фактычна быў закрануты ня толькі правапіс. Рэфарматары назвалі сваю дзейнасьць спрашчэньнем беларускага правапісу. Інакш кажучы, скарысталі, як бы сёньня сказалі, хітры піяраўскі ход, а менавіта: правапіс складаны, давайце яго спрашчаць, давайце яго рабіць лепшым, бліжэйшым да народу. Фактычна правапіс лепшым, прасьцейшым ня стаў.
Наступны момант. Хто былі рэфарматары? Гэта былі мовазнаўцы, гэта была навуковая грамадзкасьць, гэта былі пісьменьнікі? Не. Мовазнаўцам i пiсьменьнiкам адвялi ролю рупараў ці, калі хочаце, зацьвярджальнікаў таго, што ўжо зрабілі ідэолягі – ідэолягі русіфікацыі. Паглядзеце, усе, каго пералічыў сп. Скалабан, ня маюць аніякага дачыненьня ні да мовазнаўства, ні да літаратурнай дзейнасьці. Якое маральнае права мелi гэтыя людзі навязваць і літаратарам, і мовазнаўцам, і – шырэй – усяму народу сваю прыватную думку? Я ўжо не кажу пра якасьць гэтай прыватнай думкі”.

(Бушлякоў: ) “Важная акалічнасьць, якую Вы, Зьміцер, адзначылі, – тое, што правапіс пасьля рэформы прасьцейшым ня стаў. Маю перад вачыма цытату з артыкулу Янкі Станкевіча, беларускага мовазнаўца. Станкевіч, адгукаючыся на савецкую рэформу беларускае мовы, пісаў: “Прозьвішча аднаго з комуністычных правадыроў, Троцкага... Беларусы подле зычэньня ягонага могуць і павінны вымаўляць добра пабеларуску “Троцкі”, але троцкі замак, Троцкае возера, троцкія гуркі і інш. ня могуць называць правільна, але мусяць казаць парасейску: трокскі, трокскае і г. д.”. Зьвярну ўвагу: пісаць трокскі – значыць ігнараваць заканамерную ў беларускай мове нэўтралізацыю зычных на стыку структурных частак слова – на стыку марфэмаў.
Агульнавядома, што крытыкі савецкае рэформы па-за Савецкай Беларусьсю хапала. Ніводнае заходнебеларускае пэрыядычнае выданьне да часу далучэньня Заходняй Беларусі да Савецкай Беларусі не перайшло на зьменены ў 1933 годзе моўны стандарт. Тым часам цi былi знакi нязгоды з рэформаю ў Савецкай Беларусі?”

(Скалабан: ) “Звычайна спасылаюцца на вядомую брашуру “Пісьменьнікі БССР аб рэформе правапiсу беларускай мовы”. Часта ўспамiналi, напрыклад, зьмешчаны там тэкст Янкі Купалы, дзе Купала вітае гэтую рэформу, рэзка крытыкуе заходнебеларускія выданьні, называе прозьвішчы, наклейвае на іх ярлыкі. Але гэта тое, што было афіцыйна. Цяпер мы, вядома ж, сумняемся, ці пісаў гэта Купала сам.

Што вядома сёньня пра неафiцыйную рэакцыю беларускіх пісьменьнікаў на рэформу? Захаваўся ліст на імя сакратара ЦК кампартыі Беларусі Жаброўскага, ліст з Саюзу пісьменьнікаў, дзе гаворыцца пра ажыўленьне нацыяналістычных настрояў у сувязі зь зьменамі беларускага правапісу. Такое ажыўленьне, як вынікае з гэтага дакумэнту, ішло па дзьвюх лініях: “простая работа супраць правапісу, па-першае, неперакананых нацыяналістаў і, па-другое, адгалоскаў тых, хто яшчэ не цалкам выжыў нацыяналістычныя настроі свайго мінулага”. Гэта самы элемэнтарны данос. Вось вытрымкi зь яго: “Зарэцкі ў прыватнай гутарцы сказаў: “Змены, якія ўнесены ў правапіс, з’яўляюцца шкодніцтвам на фронце мовы”. Кузьма Чорны таксама выразіў сваё незадавальненне часткай змен. Аднак калі функцыянер выклікаў Чорнага на размову аб правапісу, Чорны поўнасцю падтрымаў правапіс і нават вызваўся напісаць артыкул пра мову, які ідзе ў тым жа напрамку, як і закон пра правапіс.

(…) Усё гэта прымусіла кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў паставіць пытанні аб настроях з поваду правапісу на комуністычнай фракцыі аргкамітэта з тым, каб потым абмеркаваць гэта на аргкамітэце Саюза пісьменнікаў і склікаць паміж 14 і 18 лістапада агульны сход пісьменнікаў з дакладам Андрэя Александровіча аб правапісе і даць рад артыкулаў пісьменнікаў (партыйных і беспартыйных) у газеце “ЛіМ” па гэтаму пытанню”
.

(Саўка: ) “Хацеў бы зьвярнуць увагу, што рэфарматары падступна ўчынілі, правёўшы падмену тэрмінаў. Фактычна адбылiся зьмены ня толькі ў правапісе – адбылiся зьмены на ўсіх роўнях мовы: і марфалягічнага ладу, і сынтаксычнага, і лексыкі. Што цікава – згаданы сп. Скалабанам Андрэй Александровіч праз чатыры гады пасьля правядзеньня рэформы выдае “Руска-беларускі слоўнік”: чорная кніжка вусьцішнага выгляду, у якой праводзілася проста татальная русіфікацыя ўжо беларускай лексыкі. Трэба сказаць, што рэформа закранула нават самае спрадвечнае, самае асноўнае – фанэтыку мовы”.

(Бушлякоў: ) “Пры канцы 1980-ых – на пачатку 1990-ых дэфармацыі 1933-га былі моцна пакрытыкаваныя. Разам з тым не адбылося стыхійнага, масавага выбару карыстальнікамi беларускае мовы дарэформавай традыцыі. Чаму, на Вашую думку? Чым гэта можна тлумачыць?”

(Пятровіч: ) “Моладзь адназначна вярнулася да тарашкевіцы. Я згадваю тыя гады, калі мы пачыналі ў літаратуры. Дарэформавая традыцыя – гэта было нова, было цікава, было адметна па-беларуску. Было вяртаньне ня толькі правапісу, але й спрадвечнай беларускай лексыкі. Мы знаходзілі забытыя словы й вярталі іх.

Чаму ўсё ж не адбылося масавага вяртаньня? Адназначна на гэтае пытаньне, відаць, не адкажаш. Можа, прычына ляжыць у законапаслухмянасьці беларусаў. Рэч у тым, што ўсё ж зьмяняла правапіс дзяржава. Рабілі гэта ў той час не мовазнаўцы й не пісьменьнікі – не ад іх ішла гэтая ініцыятыва. Ініцыятыва ішла зьверху, і фактычна зьверху ўсё гэта рабілася, прычым было санкцыянавана й, хутчэй за ўсё, ініцыявана Масквою”.

(Бушлякоў: ) “Цікавы факт: ня так даўно Анатоль Вярцінскі прыпамінаў сваю сустрэчу з Кандратам Крапівом. Сустрэча адбылася за некалькі год да сьмерці Крапівы, пры канцы 1980-ых. Сярод іншага гаворка зайшла пра новыя моўныя павевы, пра імкненьне часткі карыстальнікаў беларускае мовы вярнуцца да рэпрэсаванага правапісу, рэпрэсаванае моўнае традыцыі. Як расказвае цяпер сп. Вярцінскі, Крапіва рэагаваў на тыя працэсы даволі спакойна. Крапіва дапускаў вяртаньне мяккага знаку на абазначэньне асымiляцыйнае мяккасьцi зычных (сьнег, сьляды, дзьвесьце). Адзінае, ён тады непакоіўся, што зьмены ў правапiсе могуць запатрабаваць сур’ёзных выдаткаў”.

(Саўка: ) “Відаць, аднаўленьне клясычнага правапісу не пайшло шырэй за моладзевыя й пэўныя літаратурныя, журналiсцкiя колы з той прычыны, што ўсе чакалі крокаў насустрач ад дзяржавы. Згадайце атмасфэру канца 1980 – пачатку 1990-ых. Дзяржава становіцца ўсё людчэйшай, адбываецца дэкамунізацыя. Здаецца, з кожным новым годам улада прачынаецца да нармальнасьці. Грамадзтва чакала, што ўлады й надалей будуць рухацца ў гэтым жа кірунку. Паглядзеце: Акадэмія навук адгукнулася, Таварыства беларускай мовы разгарнула дзейнасьць сваёй камісіі для ўнармаваньня правапісу… І каб жа не 1994 год, калі да ўлады прыйшоў чалавек, што зыначыў, перапыніў паступовы шлях да нармальнасьці, я мяркую, на сёньняшні дзень мы мелі б ужо ўнармаваны клясычны правапіс, і гэты клясычны правапіс, верагодна, ужо сёньня вывучалі б нашыя дзеці ў школе, i сёньня тая ж газэта “Звязда” пісала б тарашкевіцаю”.

(Бушлякоў: ) “Сёньняшняя варыянтавасьць, суіснаваньне моўных традыцыяў – дарэформавай і пасьлярэформавай – што, уласна кажучы, нам дае й што ў нас забірае? Што ў гэтым станоўчага, а што адмоўнага? Часам можна пачуць меркаваньнi, што выкарыстаньне несавецкага моўнага стандарту моцна шкодзіць беларускай мове, шкодзіць яе статусу. У выніку, паводле такiх меркаваньняў, беларусы проста адмаўляюцца ад беларускае мовы. Наколькі гэтае цьверджаньне, з Вашага пункту гледжаньня, апраўданае?”

(Саўка: ) “Шэраг навукоўцаў зьвяртае ўвагу на тое, што існаваньне двух правапісаў – гэта не ўнікальная зьява, гэта ня толькі беларусы ня могуць дамовіцца міжсобку. Такая самая сытуацыя існуе й у некаторых іншых краінах: ёсьць два моўныя стандарты грэцкія, два альбанскія, армянскiя, некалькi варыянтаў нарвэскае мовы й гэтак далей.

Ці сапраўды беларуская мова страчвае ад таго, што ёсьць два правапісы? Выкажу сваё меркаваньне. Ведаю, што яго падтрымліваюць дзясяткі навукоўцаў. Выбар мовы адбываецца не з прычыны правапісу. Інакш кажучы, правапіс – гэта другасная зьява. Выбар мовы адбываецца сьведама, незалежна ад таго, ці гэтая мова ўвогуле пісьмовая, ці непісьмовая. Калі чалавек хоча далучыцца, ён мае магчымасьць далучыцца, і правапіс наўрад ці можа прынцыпова паўплываць.
Іншая рэч, калі чалавек не жадае з тых ці іншых прычынаў карыстацца гэтай моваю – ці ён мае нейкія комплексы, ці штосьці іншае стрымлівае – ён стараецца як бы зачапіцца за існаваньне двух правапісаў як за прычыну, якая не дае яму магчымасьці зрабіць выбар на карысьць беларускае мовы наагул”.

(Пятровіч: ) “Я прадстаўляю тут практыкаў – выдаўцоў часопiсу “Дзеяслоў”. Думаю, многія з тых, хто распачынае сёньня новае выданьне, спыняюцца перад дылемаю, якім шляхам пайсьці, які правапіс абраць – наркамаўку ці клясычны. За наркамаўкаю дзяржава, школы, а за тарашкевіцаю – традыцыі, праўда й будучыня. Мы – я маю на ўвазе рэдакцыю “Дзеяслова” – пайшлі адным з самых заганных шляхоў, мы пайшлі на паўмеры. Але, тым ня менш, сустракаючыся з чытачамі нашымі, нам часта даводзіцца адказваць на пытаньне, чаму мы гэта зрабілі. Найбольш крытычныя стрэлы ляцелі ў наш бок якраз ад прыхільнікаў наркамаўкі, як ні дзіўна, – за тое, што мы нібыта здаем пазыцыі. Мы вярнулi толькi некалькi важных нормаў клясычнага правапiсу: напрыклад, мяккі знак на асымiляцыйнае памякчэньне зычных гукаў i лiтару я ў прыназоўніках і часьцінках у першым складзе перад націскам (ня быў, бяз нас). Дык вось гэты правапіс для тых, хто ўсё жыцьцё чытаў на наркамаўцы, зьявіўся арганічным”.

(Бушлякоў: ) “У чым той непераадольны бар’ер, які не дазваляе прыхільнікам дзьвюх беларускiх моўных традыцыяў паразумецца, зьняць усе пытаньні, сесьці за круглы стол, як селі мы сёньня, і канчаткова ўсё вырашыць?”

(Саўка: ) “Калі б праблема была выключна ў плашчыні мовазнаўчай, лінгвістычнай, я думаю, дамовіцца сапраўды можна было б – пайсьці на нейкія кампрамісы. Але праблема не лінгвістычная найперш – праблема мэнтальная. Дзе мы бачым свае вытокі? Ці гэта пачатак ХХ стагодзьдзя, “Наша ніва”, дзейнасьць сотняў беларускіх пісьменьнікаў, ці гэта тысячы кніжак, выдадзеных пачынаючы ад суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, цi гэта – таксама – заходнебеларуская традыцыя, падтрыманая далей беларускай дыяспараю? Ці пачатак мы бачым у Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году? Вось у чым рэч. Мы пачынаемся з Багушэвіча, мы пачынаемся з Купалы, а не з Андрэя Александровіча”.

(Скалабан: ) “Мы ўвесь час – хочам ці ня хочам – ад праблемы ўласна правапісу адыходзiм i шырэй гаворым пра тое, што будзе далей. Што будзе далей з моваю, з правапісам? Беларуская мова заўсёды закладніца палітыкі, і ў гэтым уся праблема”.

(Бушлякоў: ) “Ці не здаецца Вам, што нашае частае спэкуляваньне паняткамі “тарашкевіца”, “наркамаўка” можа наводзiць чалавека, далёкага ад моўных баталіяў, на думкi пра існаваньне розных беларускіх моваў, паміж якімі сапраўдная прорва? Як быць аб’ектыўнымі, прорва калі й ёсьць, то паміж акуратнай і неакуратнай беларускай моваю, паміж дагледжанай і недагледжанай моваю”.

(Саўка: ) “Абсалютна згаджуся. Мы бачым, як цягам пасьляваеннага часу й асабліва бурна ў 1980–1990-ыя гг. адбывалася дыфузія: нейкія зьявы, характэрныя для тарашкевіцы, пранікалі ў наркамаўку, а пэўная наркамаўская практыка паўплывала на сёньняшнюю тарашкевіцу. Скажам, пераход е ў я ў другім складзе перад націскам на сёньняшні дзень ужо не перадаецца й у тарашкевіцкіх тэкстах. Інакш кажучы, збліжэньне адбываецца. І сапраўды, вельмі небясьпечныя гутаркі пра тое, што гэта дзьве розныя мовы. Наркамаўка й тарашкевіца – гэта два розныя варыянты правапісу. І мы павінны не дапускаць таго, каб адбывалася процiпастаўленьне й на іншых роўнях”.

(Пятровіч: ) “Праўда, кампраміс і кампраміснасьць праходзяць праз кожнага з нас, і ад кожнага з нас залежыць, якой быць нашай мове. Узаемапранікненьне традыцыяў сапраўды адбываецца на нашых вачах. Той, хто возьме тую ж самую “Звязду” 1980-ых, пачытае й параўнае зь сёньняшняй, – убачыць, што сапраўды адбыліся вялікія зьмены i ў правапісе, і асабліва ў лексыцы. Так што гэты працэс – хоча нехта ці ня хоча – адбываецца, і збліжэньне паступова iдзе, а ўжо клопат навукоўцаў потым паскорыць працэс, і клопат дзяржавы прызнаць, што гэта адбываецца, i зацьвердзiць зьмены”.
XS
SM
MD
LG