Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ВЫСОКІХ ПАДАТКАЎ


Галіна Абакунчык, Алесь Мікалайчанка

Супрацьстаяньне паміж мясцовымі ўладамі й гандлярамі ў Мар'інай Горцы доўжыцца ня першы месяц, але найвышэйшай кропкі яно дасягнула ў мінулыя выхадныя. Суботнім ранкам ланцуг міліцыянтаў на чале з дырэктарам кірмашу перагарадзілі ўваход, каб не пусьціць гандляроў на свае працоўныя месцы. Гаворыць дырэктар кірмашу Мікалай Пенкрат.

(Пенкрат: ) "Яны ня хочуць плаціць, а дэстабілізаваць абстаноўку".

(Спадарыня: ) "А мы заплацім. Як будзе парадак -- заплацім".

(Спадар: ) "Кірмаш не прыбіраецца, антысанітарыя. І ў нас гэта адзіны сродак ціску на адміністрацыю кірмашу й райпо. Таму й здарыўся гэты канфлікт".

(Спадарыня: ) "Кошты штомесяц падвышаюцца, а нас вымусілі падпісаць з вамі дамову й плаціць штомесяц".

(Спадарыня: ) "Хто выклікаў міліцыю? Мы што бандыты? І чаму нас не пускаюць на рынак?"

(Пенкрат: ) "Я ўчора папярэдзіў: хто заплаціць -- той будзе гандляваць"

(Спадар: ) "Нам такая адміністрацыя не патрэбная. Вы мяне, як чалавека ігнаруеце і парушаеце мае правы!"

(Спадар: ) "І даволі нас запужваць! Учора быў сапраўдны шантаж".

Больш за ўсё прадпрымальнікі Мар'інай Горкі незадаволеныя высокім коштам за гандлёвае месца -- 67 тысячаў рублёў, што амаль роўна сталічным расцэнкам. А, каб грошы ў мясцовы бюджэт паступалі рэгулярна, адміністрацыя раённага спажыўсаюзу й кіраўніцтва кірмашу пад пагрозаю адабраць працоўнае месца прымусілі гандляроў падпісаць дамовы на папярэднюю выплату за поўны месяц і скасавалі падзённую. Усё гэта вымусіла прадпрымальнікаў арганізавацца ў Свабодны прафсаюз, які афіцыйна пачаў дзейнічаць зь мінулага месяца.

Гаворыць старшыня прафсаюзу Віктар Вішнякоў.

(Вішнякоў: ) "Даўно людзі незадаволеная. Чаму ў нас і была створаная прафсаюзная арганізацыя, бо нас гвалтам загналі ў пайшчыкі спажывецкага таварыства. Людзі ўвесь час баяліся, пакуль не зразумелі, што неабходна ствараць арганізацыю, якая будзе абараняць іх сацыяльныя правы ад гэтай ўседазволенасьці й гвалту".

Першая арганізаваная акцыя непадпарадкаваньня прадпрымальнікаў Мар'інай Горкі мела вынік: яны вымусілі міліцыянтаў і адміністрацыю рынка саступіць і дазволіць працаваць, ды дамагліся падзённай арэнднай платы.

Абараняць свае законныя правы намераныя таксама й прадпрымальнікі Барысаву. "Скінуцца" на будучую рэканструкцыю Стара-Барысаўскага кірмашу ад тамтэйшых прадпрымальнікаў запатрабаваў намесьнік старшыні Менскага абласнога спажыўтаварыства Віктар Гурыновіч. Чыноўнік намераны пазычыць у кожнага гандляра па 500 даляраў, паабяцаўшы вярнуць грошы цягам 25 гадоў. Вось як рэагавалі прадпрымальнікі на гэтую прапанову:

(Шум, сьмех, крыкі абурэньня: ) "Адкуль жа мы возьмем? Што, у нас зь неба валіцца?"

(Спадарыня: ) "2006 год -- канчаецца срок нашага прэзідзента. А вы просіце грошы на 25 год! Прыйдзе новая власьць і скажэт: ідзіце вы, нікакіх дзенег у вас ня бралі і нічога я вам ня дам".

Грошай Віктар Гурыновіч не атрымаў, таму хутка распачалася псыхалягічная апрацоўка прадпрымальнікаў. Штодня на кірмашы сталі зьяўляцца функцыянэры Барысаўскага раённага спажыўтаварыства і адкрыта пагражаць, што калі гандляры не дадуць грошы, мейсца на кірмашы ім ня знойдзецца. А затым прадпрымальнікаў пачалі перасяляць на кірмаш, дзе сяляне гандлююць быдлам. Таму цяпер штодня на Стара-Барысаўскім кірмашы пачалі ўзьнікаць стыхійныя сходы.

(Спадарыні: ) "Эта проста вымагацельства з нас!!! Ані пугают, што ня пусьцят на этат рынак. Куда нам дзявацца?.. Гэта называецца вымагацельствам!.. Ані нас запугівают!"

Гандляры Стара-Барысаўскага кірмашу зьвярнуліся па дапамогу ў мясцовую філію Беларускага Гэльсынскага камітэту. Вось як пракамэнтавала гэтае становішча намесьніца старшыні Ларыса Грэбнева:

(Грэбнева: ) "Гэта драпежніцкая палітыка. Яна парушае правы чалавека на працу, на ўласнасьць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG