Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“РЭПАРТЭРЫ БЯЗЬ МЕЖАЎ” МЯРКУЮЦЬ, ШТО БЕЛАРУСКІ ДРУК АДЗІН З САМЫХ НЕСВАБОДНЫХ У СЬВЕЦЕ


Юры Дракахруст, Прага

На думку аўтараў справаздачы, сытуацыя са свабодай беларускага друку была летась адной з найгоршых у сьвеце.У дакумэнце прыгадваюцца шматлікія факты ціску і рэпрэсіяў супраць незалежных выданьняў.

Падрабязна распавядаецца пра справу зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага, адзначаецца, што суд над асобамі, якіх абвінавацілі ў яго выкраданьні, пакінуў больш пытаньняў, чым адказаў. Асобны разьдзел справаздачы прысьвечаны пакутліваму шляху праз турмы журналіста газэты “Народная Воля” Валерыя Шчукіна.

“Рэпартэры бязь межаў” адзначаюць істотнае ўзмацненьне рэпрэсіяў супраць мэдыяў падчас леташняй прэзыдэнцкай кампаніі: папярэджаньні, канфіскацыі тыражоў, рабунак рэдакцыяў незалежных газэтаў няўлоўнымі невядомымі асобамі, закрыцьцё выданьняў, юрыдычны перасьлед журналістаў. У справаздачы распавядаецца пра лёс рэдактара “Пагоні” Міколы Маркевіча, газэта якога была зьліквідаваная, а сам рэдактар разам з журналістам Паўлам Мажэйкам быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці па абвінавачаньні ў паклёпе на кіраўніка дзяржавы.

“Рэпартэры бязь межаў” аналізуюць новыя тэндэнцыі ў інфармацыйнай палітыцы ўладаў у 2002 годзе: адкрыцьцё другога каналу Нацыянальнага тэлебачаньня і папраўкі да Закону аб друку, падрыхтаваныя ўрадам. Аўтары справаздачы спасылаюцца на перасьцярогі незалежных журналістаў, што БТ-2 стане копіяй першага тэлеканалу, і апроч таго будзе выкарыстанае для зьмяншэньня ўплыву расейскага тэлебачаньня – БТ-2 будзе вяшчаць на частотах ОРТ.

Вельмі крытычна аўтары справаздачы ацэньваюць і папраўкі ў Закон аб друку. Яны спасылаюцца на дыскусіі, якія адбываліся зь беларускім міністрам інфармацыі Падгайным у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. “Рэпартэры бязь межаў” зьвяртаюць увагу на галоўныя хібы праекту. Юрыдычная забарона на распаўсюд ілжывай інфармацыі падаецца ім як адыход ад дэмакратычных стандартаў. Крытыку выклікае і забарона ўзгадваць у друку незарэгістраваныя грамадзкія й палітычныя арганізацыі.

Значная частка справаздачы прысьвечаная аналізу беларускага інфармацыйнага ляндшафту. “Рэпартэры бязь межаў” адзначаюць, што хаця ў краіне і зарэгістравана каля тысячы выданьняў, на справе толькі каля двух дзясяткаў нацыянальных і мясцовых газэтаў могуць быць аднесеныя да катэгорыі грамадзка-палітычных. Пры гэтым наклад газэты, якую кантралюе адміністрацыя прэзыдэнта, складае палову накладаў рэшты выданьняў.

Разьдзел справаздачы, прысьвечаны газэце “Советская Белоруссия”, называецца “Мастадонт на службе прэзыдэнта”. На думку “Рэпартэраў бязь межаў”, гэтае выданьне карыстаецца выключнымі падатковымі й іншымі льготамі, значная частка накладу распаўсюджваецца ў прымусовым парадку ў дзяржаўных установах.

У разьдзеле пра газэту “Народная Воля” аўтары справаздачы зьвяртаюць увагу на словы рэдактара Іосіфа Сярэдзіча – што дзяржаўнай прапагандзе мусіць быць супрацьпастаўленая больш жорсткая і інтэлектуальная прапаганда.

Разьдзел пра “Белорусскую деловую газету” завецца “Незалежнае і ўплывовае фінансавае выданьне”. “Рэпартэры бязь межаў” спасылаюцца на неназваных назіральнікаў і пішуць, што публікацыі “БДГ” сталі менш крытычнымі да ўладаў. Аднак прыводзіцца і меркаваньне намесьніцы галоўнага рэдактара газэты Сьвятланы Калінкінай, якая сьцьвярджае, што адбываецца прафэсіяналізацыя выданьня.

Канстатуючы вельмі трывожную сытуацыю зь беларускімі мэдыямі, “Рэпартэры бязь межаў” мяркуюць, што менавіта свабода слова ёсьць ключом да беларускай дэмакратыі.

У справаздачы ўтрымліваюцца парады да Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы што да беларускай сытуацыі. Адзначаецца, што Рада Эўропы мусіць больш уважліва сачыць за беларускімі падзеямі, падтрымліваць свабодны друк, казаць пра паляпшэньне сытуацыі са свабодай друку як пра адну з галоўных умоваў аднаўленьня статусу Беларусі ў Радзе Эўропы.

“Рэпартэры бязь межаў” заклікаюць Раду Эўропы весьці адкрыты дыялёг зь беларускімі ўладамі па праблеме свабоды слова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG