Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПАХАВАЛІ ВЯДОМАГА ЖУРНАЛІСТА ІГАРА ГЕРМЕНЧУКА


Альгерд Невяроўскі, Менск

41-гадовы Ігар Гермянчук памёр пасьля працяглай хваробы 29 красавіка. Сёньня сябры, знаёмыя й калегі разьвітваліся зь нябожчыкам у залі менскага Палацу мастацтваў. Грала жалобная музыка, а труна патанала ў кветках. Акрамя родных і блізкіх, разьвітацца зь Ігарам Герменчуком прыйшлі журналісты, грамадзкія дзеячы й апазыцыйныя палітыкі. Гаворыць экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Так ужо наканавана лёсам, што мы трацім найлепшых людзей у Беларусі. Я ў свой час глядзеў на Ігара Іванавіча як на дэпутата, быў перакананы, што за такімі людзьмі будучыня. Але відавочна, ён аддаў занадта многа гэтай рабоце, гэтай справе, барацьбе зь несправядлівасьцю. Але ён ніколі не прынізіўся, каб паводзіць сябе па-прыстасаванску. Няхай беларуская зямля, Ігар Іванавіч, будзе табе пухам. Ты ў нашым усьведамленьні будзеш жыць вечна".

Многія сябры Ігара Герменчука ўзгадвалі ягоную адвагу яшчэ з маладых гадоў, а таксама перакананасьць у слушнасьці той справы, якую ён рабіў. Гаворыць ягоны сябра яшчэ са студэнцкіх гадоў, лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Ігар стаў прафэсіяналам. Да адвагі дадаўся прафэсіяналізм. Яго сапраўды магла чакаць вялікая будучыня, і вельмі шкада, што такі сумны лёс Беларусі. Найлепшыя людзі адыходзяць, не зрабіўшы таго, што яны маглі б зрабіць. Мама Ігара, Марыя, Міраслаў могуць ганарыцца Ігарам, і Беларусь можа ім ганарыцца. Вечная памяць!"

Быў таксама зачытаны разьвітальны ліст кіраўніка КХП БНФ Зянона Пазьняка, выступілі лідэры гэтай партыі Юрась Беленькі і Сяргей Папкоў. А вось што сказаў у сваім разьвітальным слове лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Мы яго згубілі. Хай гэта бузе нейкім урокам для нас усіх. Давайце ашчаджаць таленты, давайце іх берагчы. А ты, Ігар, заўсёды застанесься для мяне такім, якім я бачыў цябе ў апошні раз. Вясёлым, маладым, прыгожым, разумным, прывабным. Хай зямля табе будзе пухам".

Калегі Ігара Герменчука па працы ў Вярхоўным Савеце спадары Баршчэўскі, Голубеў ды іншыя ўзгадвалі ягоную мужнасьць у адстойваньні ідэалаў незалежнасьці ў парлямэнце, у тым ліку ў часе вядомай галадоўкі дэпутатаў апазыцыі БНФ.

Амаль усе выступоўцы адзначалі, што Ігар Гермянчук быў найперш не палітыкам, а журналістам. Бо галоўнымі справамі ягонага жыцьця былі папулярная газэта “Свабода” й часопіс “Кур'ер”. Гаворыць прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна:

(Літвіна: ) "Зь імем Ігара сапраўды будзе зьвязаны любы ўспамін, любая думка пра новую, сьветлую, чыстую Беларусь. Зь ягоным імем зьвязаная абсалютна новая старонка беларускай журналістыкі. Журналістыкі вельмі сумленнай, вельмі вострай, адкрытай. Я думаю, што кожны з маіх калегаў, узгадваючы Ігара, будзе памятаць вось гэта".

Пасьля жалобны картэж накіраваўся на Ўсходнія могілкі Менску. Там была адслужаная паніхіда ў памяць пра Ігара і адбылося пахаваньне.

У памерлага Ігара Герменчука засталася сям'я — удава Марыя й непаўнагадовы сын Міраслаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG