Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Суд нарэшце вырашыў датэрмінова вызваліць Андрэя Клімава. Пракуратура краіны мае свой погляд на вынікі працэсу над Ігнатовічам. "Гэта крок да стварэньня міжнароднай камісіі для расьсьледаваньня справаў зьніклых" — Ірына Красоўская камэнтуе рашэньне запрасіць жонак рэпрэсаваных апазыцыянэраў на слуханьні ў Страсбург.

Доўга чакаў гэтай навіны Андрэй Клімаў, і вось нарэшце суд прыняў рашэньне аб ягоным датэрміновым вызваленьні. Рашэньне было прынятае ўчора, як сьцьвярджаюць нашыя крыніцы, асабіста старшынём Цэнтральнага суду Пятром Кіркоўскім. Гэта вельмі рэдкая зьява, каб старшыня суду асабіста выяжджаў у турму на перагляд справаў асуджаных, якія рэкамэндаваныя на вызваленьне.

Справа дэпутата Клімава, відаць, была вартая такой увагі. Нагадаю, напярэдадні прагучала шмат заяваў афіцыйных асобаў, якія давалі падставы сумнявацца, што Клімава сапраўды зараз вызваляць. У прыватнасьці, старшыня Вярхоўнага Суду Валянцін Сукала публічна папярэджваў, што Клімава ня выпусьцяць, пакуль ён не павініцца ды не пакрые ўсіх стратаў, прызнаных судом. Гэтую заяву можна было палічыць загадам зьверху, і ўсё ж, як бачым, у стасунку да Клімава было прынятае станоўчае рашэньне.

Яно, праўда, не азначае, што абвінавачаньні зь яго зьнятыя — яшчэ два гады будзе лічыцца, што Клімаў адбывае пакараньне, але яму будзе дазволена жыць дома. Частка ягонага заробку прымусова будзе адбірацца на карысьць дзяржавы. Але для сваякоў Клімава і ў першую чаргу для ягонай жонкі Тацяны гэта ўсё — рэчы другасныя. Галоўнае, што наперадзе сустрэча зь любімым мужам на волі. У такім сьвяточным настроі засьпеў Тацяну Клімаву мой тэлефонны званок.

(Карэспандэнт: ) " Ці будзеце вы неяк адзначаць навіну пра вызваленьне мужа?"

(Клімава: ) "Так, будзем адзначаць і навіну, і першы дзень, і другі... Потым пойдзем да сяброў, да нас людзі прыйдуць. А гэтыя два дні займуся тым, што прыбяру ў кватэры. Зраблю генэральную ўборку, такую, якой не было 4 гады. Бо вяртаецца ж наш самы галоўны, гаспадар".

Паводле прагнозу, Андрэй Клімаў выйдзе на волю ў найлепшым выпадку ў панядзелак, але магчыма і пазьней. Усё будзе залежаць ад таго, як хутка ў калёнію прыйдуць з суду адпаведныя паперы.

***

На бягучым тыдні працягвалася судовая гісторыя справы былога алмазаўца Ігнатовіча, якога разам з былым амонаўцам Малікам прызналі вінаватым у выкраданьні Зьмітра Завадзкага. Як вядома, гэты прысуд быў крытычна ўспрыняты сваякамі Завадзкага і некаторымі сьведкамі, у прыватнасьці Паўлам Шараметам.

Яны выказвалі думку, што працэс праведзены для таго, каб схаваць праўду, што пракуратура і суд ня высьветлілі галоўнага — чаму скралі Зьмітра Завадзкага і што зь ім здарылася потым. Сьвятлана і Вольга Завадзкая ўжо склалі скаргу ў Вярхоўны суд, у якой патрабуюць перагляду справы.

Вырашыла заявіць аб сваёй пазыцыі і пракуратура. У распаўсюджанай учора заяве пракуратуры сьцьвярджаецца, што сьледчыя зрабілі сваю справу добрасумленна, а заявы пра тое, што нехта нібыта спрабуе схаваць праўду, названыя беспадстаўнымі. Тым ня менш, факт застаецца фактам — пры быццам знойдзеных выкрадальніках чалавека яго самога няма і нават няма ніякіх зьвестак, куды яго падзелі.

***

Варта адзначыць яшчэ адну навіну тыдня — рашэньне камітэта па прававых пытаньнях і правох чалавека Рады Эўропы запрасіць у Страсбург жонак зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Ірына Красоўская вітала гэтае рашэньне як крок да стварэньня міжнароднай камісіі па наглядзе за расьсьледаваньнем справаў зьніклых.

(Красоўская: ) "Гэта будзе адзін з крокаў па стварэньні такой камісіі, бо гэта зрабіць вельмі цяжка, але сумеснымі намаганьнямі, мяркую, гэта ўдасца".

Ірына Красоўская зноў заяўляе, што беларускія ўлады фактычна нічога ня робяць, каб справы зьніклых былі расьсьледаваныя. Між тым, адзначае жонка зьніклага Анатоля Красоўскага, яны дамагаюцца нармалізацыі адносінаў з аб'яднанай Эўропай. Адной з умоваў гэтага павінна стаць згода на стварэньне камісіі па нагляду за расьсьледаваньнем справаў рэпрэсаваных апазыцыянэраў, лічыць Ірына Красоўская. У Страсбургу яна зьбіраецца даводзіць гэтую пазыцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG