Сёньня ў часе нефармальных размоваў зь нямецкімі палітыкамі ды палітолягамі ўсё часьцей можна пачуць пра памылкі былога кіраўніка місіі АБСЭ ў Менску. Лічыцца, што пры канцы сваёй дзейнасьці Ганс-Георг Вік неяк забыўся пра залатое правіла дыплямата-пасярэдніка, чым насамрэч зьяўляецца праца амбасадара АБСЭ. Паводле гэтага правіла, дзейнасьць прадстаўнікоў АБСЭ ў тым ці іншым рэгіёне ёсьць мадэрацыяй, аб'ектыўным фіксаваньнем падзеяў. Прадстаўнік АБСЭ не павінен быць уцягнуты ў палітычныя працэсы, аднак пры гэтым спрыяць таму, каб гэтыя працэсы рухаліся.
Як вядома, зараз Эўропа шукае выйсьце з той крытычнай сытуацыі, у якой апынулася місія АБСЭ ў Менску. Некаторыя аналітыкі перакананыя, што Менск ніколі не пагодзіцца зь дзейным мандатам групы і таму функцыі КНГ павінны быць дывэрсыфікаваныя альбо разьмеркаваныя сярод шэрагу палітычных суб'ектаў.
Большасьць экспэртаў перакананыя, што наяўнасьць місіі АБСЭ ў такім праблемным рэгіёне як Беларусь — справа вельмі пэрспэктыўная, што Менск хутчэй за ўсё пагодзіцца зь дзейным мандатам, бо ў гэтым зацікаўленая Расея. Што датычыць Эбэргарда Хайкена зь ягонай рэпутацыяй звышдасьведчанага і звышасьцярожнага дыплямата, то гэта менавіта тая асоба, якая павінна задаволіць афіцыйны Менск.
Сам Эбэргард Хайкен, як піша бэрлінская газэта “Die Tageszeitung”, ня мае ніякіх ілюзіяў наконт таго, што стане жаданым госьцем для афіцыйнага Менску. Нашая размова са спадаром Хайкенем пачынаецца менавіта з цытаваньня бэрлінскага выданьня.
(Карэспандэнтка: ) “Ці праўду пішуць, што вашыя валізкі ўжо сабраныя?”
(Хайкен: ) “Так... Я гатовы да паездкі ўжо ад пачатку студзеня, але... Аднак, спадарыня Панкратава, я хацеў бы спачатку ўдакладніць для вашых слухачоў… Я зусім не хачу гаварыць слова “не” ў часе нашай размовы, я ўвогуле стараюся не ўжываць гэтага слова, аднак не хацеў бы гаварыць наконт маёй магчымай будучай працы ў Менску. Вы павінны зразумець маю надзвычай складаную сытуацыю: я яшчэ афіцыйна не зацьверджаны як кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску. Я толькі прызнаны пераемнікам Віка з боку АБСЭ, аднак не акрэдытаваны Менскам.
Але, вяртаючыся да вашага пытаньня — мае валізкі сабраныя, і я толькі чакаю сыгналу, калі магу паехаць і распачаць працу. Летась у лістападзе, калі мне патэлефанавалі дадому ў Бон і сказалі, што нямецкі ўрад шукае кандыдадта на гэтую пасаду, я пагадзіўся. Задача падалася мне цікавай. Яна на самой справе цікавая”.
(Карэспандэнтка: ) “Чаму?”
(Хайкен: ) “Таму што публічная дзейнасьць АБСЭ ў Беларусі, як і ў любым іншым рэгіёне — справа вельмі цікавая, бо гэта зьвязана са складаным палітычным працэсам ўкараненьня прынцыпаў эўрапейскай бясьпекі і супрацоўніцтва.
Апошнія гады я шмат займаўся пытаньнямі Ўсходняй Эўропы, я ўвогуле быў зьвязаны з гэтым рэгіёнам, у тым ліку з краінамі, якія ўваходзілі у СССР. І, натуральна, АБСЭ заўсёды адыгрывала вызначальную ролю ва Ўсходняй Эўропе. У 1970-я гады, 1980-я, і пазьней таксама”.
(Карэспандэнтка: ) “Нямецкая прэса называе краіну, куды вы зараз зьбіраецеся, самай савецкай з усіх постсавецкіх рэспублікаў... Як вы самі ацэньваеце зрухі, якія адбыліся ў Беларусі за час пасьля распаду СССР?”
(Хайкен: ) “За час пасьля распаду СССР шмат чаго зьмянілася. Саюзу ня стала ў сьнежні 1991-га, а на пачатку 1992-га постсавецкія краіны былі прызнаныя на дыпляматычным узроўні ва ўсім сьвеце. Такія краіны, як Казахстан, Узбэкістан, Украіна, Беларусь зрабілі вельмі важныя крокі на шляху да ўласнага сувэрэнітэту, дзяржаўнасьці. У Беларусі, на мой погляд, зараз ёсьць асновы плюралізму. Гэта вельмі важна. На жаль, мае ўласныя ўспаміны пра Беларусь зьвязаныя з падзеямі 10-гадовай даўніны. Таму дазвольце мне скласьці свае меркаваньні, калі я буду акрэдытаваны, прыеду ў Менск”.
(Карэспандэнтка: ) “Вы доўгі час працавалі ў Расеі. Зараз, як вы самі сказалі, чытаеце шмат палітычнай літаратуры. Вам, безумоўна, вядома пра цяперашнія інтэграцыйныя расейска-беларускія працэсы. Дыпляматычны досьвед не падказвае вам, што вы едзеце працаваць у Расею?”
(Хайкен: ) “Я лічу, што на Захадзе павінны адрозьніваць Беларусь ад Расеі. Гэта розныя краіны, розныя народы, у якіх свая адрозная гісторыя... У Беларусі — свая мова, свае культурныя асаблівасьці. Магчыма, адрозьненьні паміж Беларусьсю і Расеяй не настолькі вялікія, як паміж іншымі краінамі былога СССР. Аднак у любым выпадку адрозьненьні ёсьць, і іх трэба ўлічваць”.
(Карэспандэнтка: ) “Зараз на старонках нямецкай прэсы ўсё часьцей можна прачытаць артыкулы з крытыкай на адрас эўрапейскіх структураў наконт таго, што ізаляваная ад Эўропы Беларусь — зьява надзвычай небясьпечная. Што, на Ваш погляд, трэба зрабіць, каб разьвязаць гэтае пытаньне?”
(Хайкен: ) “Гэта вельмі складанае пытаньне. Розныя адказныя рашэньні ў гэтым зьвязку прымаюцца паводле таго ці іншага факту. Так, у 1997 годзе эўраструктуры прынялі рашэньні адносна спыненьня кантактаў зь Менскам на афіцыйным узроўні. Гэта была рэакцыя на вядомыя дзеяньні беларускага кіраўніцтва. У выніку на працягу некалькіх гадоў назіраюцца моцна абмежаваныя стасункі паміж вельмі важнымі эўрапейскімі інстытутамі й Менскам.
Акрамя таго, моцна абмежаваныя стасункі паміж Менскам і ўрадамі шэрагу заходнеэўрапейскіх краінаў. Асабіста я бачу сваю важную задачу амбасадара АБСЭ ў тым, каб ізаляцыя была пераадоленая. Я жадаў бы спрыяць актывізацыі стасункаў паміж Беларусьсю і эўрапейскімі краінамі. Але для гэтага сам Менск павінен праявіць зацікаўленасьць ў гэтых дачыненьнях і дзейнічаць згодна з агульнымі правіламі”.