Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ДЗЕНЬ ВОЛІ Ў МЕНСКУ БУДЗЕ КАНЦЭРТ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі арганізавалі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавядалі, чаму сёлета адмовіліся ад традыцыйнага фармату сьвята — ад дэманстрацыі й мітынгу. Гаворыць лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "25 сакавіка — гэта як сьцяг, герб і гімн. Неабходны атрыбут дзяржаўнасьці, нармальнага эўрапейскага народу. 84 гады таму беларусы здолелі на руінах Расейскай імпэрыі абвясьціць сваю волю да дзяржаватворчасьці. Для ўсіх нас, для каго Беларушчына, эўрапейская пэрспэктыва Беларусі не пусты гук, гэты дзень заўсёды быў цэнтральным днём нашага календара.

Асноўная канцэпцыя таго, што адбудзецца 24-га, у бліжэйшую нядзелю да сьвяточнай даты — гэта сьвяточнасьць. Не канфрантацыйнасьць, а станоўчае сьцьверджаньне беларускага духу, беларускай душы".

Арганізатары сьвяткаваньня вырашылі сабраць людзей 24 сакавіка апоўдні ў парку Янкі Купалы, дзе спачатку адбудзецца ўскладаньне кветак да помніка клясыку, а пасьля пройдзе канцэрт. Скончыць імпрэзу прапануецца агульным выкананьнем песьні "Магутны Божа".

Арганізатары таксама не выключаюць, што потым людзі пойдуць ускладаць кветкі да помніка Якубу Коласу.

А вось як тлумачылі свой удзел у гэтай імпрэзе лідэры папулярных беларускіх рок-гуртоў “NRM” i "Уліс" Лявон Вольскі й Вячаслаў Корань. Гаворыць Лявон Вольскі:

(Вольскі: ) "Чаму мы пагадзіліся на такое сьвяткаваньне — таму што зьмененыя звычайныя формы сьвяткаваньня. Гэта ня мітынг і ня шэсьце, бо народ ня надта добра рэагуе на звычайныя формы сьвяткаваньня. Тут усё дэмакратычна й па-эўрапейску. Мне нават цікава, як народ будзе рэагаваць на гук акустычных гітараў. Хочацца спадзявацца на памяркоўнасьць з боку міліцыі, што ня дойдзе да ламаньня гітараў і што гэта не пераўтворыцца ў панк-акцыю".

А вось меркаваньне кіраўніка "Улісу" Вячаслава Кораня:

(Корань: ) "Калі нешта адбываецца, мы гатовыя гэта рабіць і падтрымаць. І мы жадаем, каб быў вернуты бел-чырвона-белы наш сьцяг. І той гімн, якім бы мы ганарыліся. Таму мы ў гэтай імпрэзе бярэм удзел".

Усе музыкі будуць выступаць на канцэрце 24 сакавіка бясплатна.

Арганізатары сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці не падавалі звароту ў гарвыканкам, бо такая форма акцыяў ніякіх дазволаў уладаў не патрабуе.

Акрамя сталіцы, мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасьці пройдуць і ў рэгіёнах. У некаторых гарадах мясцовыя ўлады вырашылі зарабіць на сьвяткаваньні Дня Волі.

Так, у Пінску гарвыканкам запатрабаваў ад арганізатараў сьвяткаваньня 340 000 рублёў за арэнду стадыёну, а ў Смалявічах 100 000 рублёў за арэнду невялікай пляцоўкі. Акрамя гэтых гарадоў, акцыі рознага фармату 24 сакавіка таксама пройдуць у Горадні, Берасьці, Віцебску, Лідзе, Слоніме, Жодзіне й Маладэчне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG