Лінкі ўнівэрсальнага доступу

65% БЕСПРАЦОЎНЫХ — ЖАНЧЫНЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Сотні тысяч жанчын у Беларусі працуюць на непрэстыжных і нізкааплатных вытворчасьцях — прыбіраюць вуліцы, рамантуюць дарогі, водзяць трамваі й тралейбусы.

(Жанчына: ) "Завуць мяне Валянціна Міхайлаўна, працую кантралёрам у мэтро. Цяжкая праца, бо пад зямлёй. І вочы "садзяцца", і шум у мэтро. А зарабляем нашмат менш, чым тыя ж машыністы".

(Карэспандэнтка: ) "Але чаму тады вы абралі менавіта гэтую працу?"

(Жанчына: ) "Таму што працавала на заводзе, а пасьля звольнілі па скарачэньні штатаў. Нічога лепшага не знайшла. А пасьля здала іспыты й цяпер працую кантралёрам".

(Іншая жанчына: ) "Я Натальля Данілава. Працую мыйшчыцай рухомага саставу. Вагоны мыем. Праца не для жанчын. Гэта вельмі цяжкая фізычная праца. А грошы можна сказаць ніякія”.

(Карэспандэнтка: ) "Але чаму вы тады працуеце тут?"

(Жанчына: ) "Таму што іншую працу не магу знайсьці. Працаўладкавацца цяпер вельмі цяжка".

Паводле афіцыйнай статыстыкі, цяжкай фізычнай працай сёньня займаюцца каля 2% жанчын. Але нідзе не паведамляецца, што маніторынг ў гэтым накірунку праводзіцца толькі ў чатырох галінах народнай гаспадаркі: прамысловасьці, будаўніцтве, транспарце й сувязі. Тады як найбольш цяжкая і малакваліфікаваная праца да сёньня кладзецца на плечы жанчын, занятых у сельскай гаспадарцы. Тамсама і найніжэйшы ўзровень заробкаў.

Малыя заробкі таксама ў галіне адукацыі, культуры, мэдыцыне, дзе працуюць да 85% прадстаўніц так званага слабага полу. Мужчыны зарабляюць больш за жанчын у сярэднім на 20%. Сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган называе гэткае становішча дыскрымінацыяй:

(Скрыган: ) "Дыскрымінацыя ў працоўных адносінах у нашай краіне ёсьць. Жанчыны атрымліваюць такую працу, на якой яны зарабляюць менш. Паводле статыстыкі, жанчыны больш адукаваныя, чым мужчыны, але сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў іх амаль няма. Але на сёньня гэта можа й добра, бо, як сказаў міністар унутраных справаў, сёньня каля 400 дырэктараў прадпрыемстваў за кратамі".

Паводле афіцыйных зьвестак, у агульнай колькасьці працаўнікоў, якіх звальняюць у рамках скарачэньня штатаў, да 75% — жанчыны, а сярод беспрацоўных — 65% жанчын. Першапрычына гэтага — тыя мізэрныя сацыяльныя льготы, якія жанчынам, што маюць дзяцей, вымушаныя забясьпечваць працадаўцы. З гэтых жа меркаваньняў іх менш ахвотна прымаюць на працу. Гаворыць загадчыца аддзелу гендэрных праблемаў Міністэрства працы Ірына Чуткова:

(Чуткова: ) "Вядома ж, ёсьць такія выпадкі, таму мы й хочам мяняць заканадаўства так, каб для наймальніка што жанчына, што мужчына ў сэнсе забесьпячэньня іх ільготамі былі аднолькавыя".

Між тым, напярэдадні 8 сакавіка дэпутаты так званага парлямэнту адклалі распрацоўку законапраекту "Аб роўных магчымасьцях", які значыўся ў пляне на 2002 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG