Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАНОВІШЧА Ў ДАМАХ ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ-ІНВАЛІДАЎ КАТАСТРАФІЧНАЕ


Любоў Лунёва, Менск

Лім О’Мара, які ўзначальвае цэнтар рэабілітацыі й дапамогі дзецям-інвалідам аднаго з ірляндзкіх дзіцячых фондаў, паведаміў Радыё Свабода, што ня ведае, як працаваць далей у Беларусі.

Нягледзячы на шматтонныя грузы харчовай і рэчавай гуманітарнай дапамогі, у дзіцячых дамах сытуацыя рэзка пагаршаецца. Дзеці апранутыя ў рызьзё, яны галадаюць. Ірляндцы ўпэўненыя, што больш як палова дзяцей з абмежанымі разумовымі магчымасьцямі насамрэч нармальныя дзеці. Іх папросту ніхто ніколі не вучыў.

Ірляндзкія валанцёры штогод наведваюць Беларусь. Некалькі дзясяткаў хворых дзяцей, якія літаральна паміралі ад голаду й хваробаў у дзіцячых дамах, валанцёры вазілі ў сваю краіну. Дзеці жылі ў ірляндзкіх сем’ях, многім зь іх зрабілі апэрацыі. Дзецей з дыягназам “алігафрэнія” ірляндцы вучылі гаварыць, і яны літаральна празь некалькі тыдняў пачыналі размаўляць — натуральна, па-ангельску.

Але калі гэтыя дзеці вяртаюцца на радзіму, пэдагогі адмаўляюцца прызнаць іх нармальнымі. Таму іх не пераводзяць у дамы, дзе ёсьць школкі. Дзеці застаюцца месяцамі ў ложках, а празь нейкі час здароўе іхнае зноў пагаршаецца. Гаворыць Лім О’Мара:

(О’Мара: ) “Няма ніякага паляпшэньня. Паляпшаюць тут усё толькі ірляндцы. У шмат якіх выпадках лячэньне ў Ірляндыі заключаецца толькі ў тым, каб накарміць дзяцей уволю. Няма ніякага сэнсу вазіць туды дзяцей, вучыць іх там, лячыць, каб потым прывезьці сюды і убачыць, што ўсё гэта дарэмна, бо ўсё застаецца на тым жа роўні.

Гуманітарная дапамога значна паляпшае жыцьцё дзяцей, робіць яго крыху радасьней. Яны атрымліваюць лекі, ежу. Але гэтага мала, і тут ёсьць што ўдасканальваць.

Самая галоўная праблема — адсутнасьць праграмаў навучаньня дзяцей. Акрамя ірляндзкіх валанцёраў гэтым ніхто не займаецца. Гэта тут, на жаль, нікому ня трэба. Мы намагаемся накарміць дзяцей, і ў некаторых дзіцячых дамах мы дасягнулі нейкага мінімуму. Але трэба разьвіваць доўгатэрміновыя праекты ў адукацыі, рэабілітацыі дзяцей. Трэба шмат якіх новых праграмаў”.

Некаторыя ірляндцы, каб уратаваць дзяцей ад голаду, намагаюцца ўсынавіць іх. Але на гэтым шляху іх чакаюць бюракратычныя перашкоды. Некалькі месяцаў дзьве сям’і з Дубліну ня могуць вывезьці хворых хлопчыка й дзяўчынку з Гарадзішчанскага дзіцячага дому. Яны ў адчаі зьвяртаюцца ў розныя арганізацыі, але пакуль безвынікова.

Дырэктары дзіцячых дамоў неахвотна адказваюць на пытаньні журналістаў. Часам у некаторыя беларускія дзіцячыя дамы для дзяцей-інвалідаў трапіць цяжэй, чым у вайсковую частку. Замежныя валанцёры лічаць, што пакуль у грамадзтве тэма хворых дзяцей будзе закрытай, сытуацыя ніколі ня зьменіцца да лепшага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG