Мастацкая рада кінастудыі “Беларусьфільм” адмовілася прыняць дакумэнтальную стужку “Мы жывем на скраі”, якую зьняў Віктар Асьлюк. Фільм распавядае пра прынёманскую вёску, жыхары якой здавён пасьвяць свае каровы на высьпе ў рацэ. Колісь кароваў было больш за 100, цяпер засталося 13. У такой самай прапорцыі паменшала ў вёсцы й людзей. Кіраўніцтва кінастудыі патрабуе ад Віктара Асьлюка прыбраць зь фільму сцэны п’янства й наогул вобраз заняпаду калгаснага ладу. Рэжысэр пакуль не пагаджаецца й рыхтуецца да звальненьня.
У Цэнтры беларускае мовы й культуры Лінгвістычнага ўнівэрсытэту прайшла выстава кніг і часопісаў беларускае эміграцыі, якія калекцыянуе мовазнаўца, стыльрэдактар Радыё Рацыя Зьміцер Саўка. Выставе спадарожнічала прэзэнтацыя часопісу “Запісы” Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва, заснаванага амэрыканскімі беларусамі 50 гадоў таму. Раней часопіс выдаваўся ў Ню-Ёрку, потым у Мюнхене, зноў у Ню-Ёрку, а новы, 25-ы нумар выйшаў у Менску, дзе жыве палова аўтараў і супрацоўнікаў рэдакцыі. Выдаўцы спадзяюцца, што на інфармацыйным рынку Беларусі “Запісы” зоймуць тую акадэмічна-патрыятычную нішу, зь якой сышлі часопісы “Спадчына” й “Беларускі гістарычны агляд”.
Другі Фронт Мастацтва зладзіў у клюбе “Менск”, што ў парку Чалюскінцаў, фэстываль андэграўнду “Нефармат”. У фэсьце бралі ўдзел багемныя паэты, пэрформэры, а таксама музыкі, творы якіх ня ўпісваюцца ў фармат сталічных FM-радыёстанцыяў. Тэмаю пэрформансу Алі Сідаровіч “Чыстыя мазгі” была альхімія беларусізацыі. На галаву асыстэнта, які дэклямаваў патрыятычныя вершы па-польску й па-расейску, Сідаровіч выліла па чарзе тры пляшкі гарэлкі, чырвонае віно й малако. Хлопец з прамытымі мазгамі захутаўся ў бел-чырвона-белы сьцяг і перайшоў на беларускую мову, працытаваўшы ў мікрафон Якуба Коласа: “Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе ня маю сілы…”
Дом-музэй Марка Шагала на Пакроўскае вуліцы ў Віцебску зачыніўся на рамонт. Грошы на рамонт і частковае абнаўленьне экспазыцыі далі гарадзкія ўлады. Плянуецца, што зноў дом-музэй адчыніцца ў пачатку ліпеня, калі ў Віцебску будуць сьвяткаваць 115-я ўгодкі з дня нараджэньня Марка Шагала.
У Беларускім калегіюме прайшла прэзэнтацыя часопісу менскае багемы “Partisan”. Тэма першага нумару — пошук паралеляў паміж авангардным мастацтвам і традыцыйным беларускім мэнталітэтам. Часопіс мае посьпех: за месяц па выхадзе з друку амаль увесь наклад ужо разышоўся, хоць прадаваўся пераважна з рук. Выдавец і рэдактар “Partisan”у Артур Клінаў атрымаў на прэзэнтацыі ад чытачоў падарунак — гліняны аўтамат. Наступная сустрэча рэдакцыі часопісу з чытачамі пройдзе ў мястэчку Бобр, дзе жыве герой аднаго з артыкулаў Алесь Пушкін.
У менскім мастацкім цэнтры “Жыльбел” у Дзень сьвятога Валянціна адкрылася выстава “Лябірынт каханьня”. Студэнты Беларускае Акадэміі мастацтваў трансфармавалі прастору галерэі дадатковымі сьценамі й сваімі творамі ў загадкавы гіерогліф, непадуладны, як і мова сэрца, рацыянальнаму асэнсаваньню. Падчас вэрнісажу адзін з мастакоў, распрануты да стану Купідона, сымбалічна расстраляў з луку гледачоў стрэламі каханьня.