Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жонкі зьніклых апазыцыянэраў просяць Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы стварыць камісію дзеля незалежнага расьсьледаваньня справаў зьніклых і сьмерці Генадзя Карпенкі. На працэсе над групоўкай Ігнатовіча вывучалі рэчавыя доказы выкраданьня Зьмітра Завадзкага. Экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір даў у судзе паказаньні паводле справы ягонага сына Аляксандра.

Жонкі зьніклых і пацярпелых ад беларускага рэжыму палітыкаў накіравалі дэпутатам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ліст з просьбай стварыць камісію дзеля расьсьледаваньня справаў зьніклых. Гэтай камісіі, паводле аўтараў ліста, належыць расьсьледаваць і сьмерць былога намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Генадзя Карпенкі, які памёр пры падазроных абставінах.

Ліст падпісалі Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская, СьвятланаЗавадзкая і Тацяна Клімава. Тэкст узгоднены таксама зь Людмілай Карпенкай і Вольгай Захаранкай, якія цяпер знаходзяцца ў Нямеччыне. “Яны прасілі лічыць іхныя подпісы пад лістом сапраўднымі”, — заявіла Радыё Свабода Ірына Красоўская.

(Красоўская: ) “Мы зьвярнуліся з просьбай стварыць такую камісію ў ПАРЭ, бо ўжо ёсьць прэцэдэнт. Бо Парлямэнцкая Асамблея ўжо вырашыла стварыць падобную камісію паводле справы ўкраінскага журналіста Гангадзэ. Гэта патрэбна, бо дзяржава ня можа адказаць на пытаньне, што сталася з нашымі мужамі. Дакладней, ня тое што ня можа, а ня хоча. Дык хай гэтым зоймецца незалежная камісія”, — мяркуе жонка зьніклага бізнэсоўца, які дапамагаў апазыцыі.

Паводле Ірыны Красоўскай, ліст неўзабаве будзе дасланы ў Страсбург, дзе на наступнай сэсіі ПАРЭ будуць разгдядаць беларускія праблемы.


***
На закрытым судзе над групоўкай Ігнатовіча чарга дайшла да рэчавых доказаў, што былі сабраныя сьледчымі ў пацьверджаньне абвінавачаньня Ігнатовіча і ягоных саўдзельнікаў у выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

Суду дэманстравалі рыдлёўку з “фрагмэнтамі біялягічнага матэрыялу”, які нібыта належыць Завадзкаму. Гэтую рыдлёўку нібыта знайшлі ў аўтамабілі, на якім Ігнатовіч і ягоныя саўдзельнікі, паводле сьледчых, вывезьлі Завадзкага.

Сьвятлана Завадзкая кажа, што яна інакш уяўляла гэтую рыдлёўку.

(Завадзкая: ) “Мне падавалася, што рыдлёўка маленькая, а на самой справе яна даволі вялікая. І вельмі дзіўна, як яе не заўважыў сьледчы, які аглядаў машыну пасьля затрыманьня Ігнатовіча і склаў пра гэта пратакол. У тым пратаколе пра рыдлёўку нічога няма, няма яе і на фотаздымку, а падчас трэцяга агляду рыдлёўку быццам знайшлі”, — зьдзіўляецца Сьвятлана Завадзкая.

Паводле іншых крыніцаў, на судзе таксама прагучалі сьведчаньні пра тое, што абвінавачаны былы спэцназавец Максім Малік у час, калі зьнік Завадзкі, быў у знаёмых. Калі гэтаму верыць, то таксама разбураецца вэрсія, створаная сьледчымі. Малік ня мог актыўна дапамагаць Ігнатовічу ў выкраданьні Завадзкага, калі быў далёка ад месца падзеяў.

“Чым далей ідзе працэс, тым больш у справе цёмных плямаў”, — гэтак падсумавала свае ўражаньні Сьвятлана Завадзкая.


***
На працэсе над Аляксандрам Чыгіром, якога падазраюць у крадзяжы аўтамабіляў, учора выступіў як сьведка Міхаіл Чыгір. Ён распавядаў пра падзеі, якія адбыліся на другі дзень пасьля затрыманьня сына Аляксандра.

Ноччу сьледчыя правялі ператрусы ў гаражах у пасёлку Тарасава, якія належалі Аляксандру. Яны шукалі доказаў таго, што Чыгір-малодшы краў запчасткі.

(Чыгір: ) “Я засьведчыў, што нікому са сваякоў не прапанавалі прыняць удзел у ператрусе, панятых падчас ператрусу не было. Як у сталінскія часы — ператрусы праводзілі ўначы. Што яшчэ да ператрусаў у гаражах — гэтыя гаражы ўжо нехта адкрыў, і туды маглі падкінуць што заўгодна. Я пра гэта ўсё сказаў. І яшчэ два маіх сваякі былі сьведкамі таму, што адбывалася летась у ноч з 11 на 12 лютага падчас ператрусаў у гаражах майго сына”.

Многія ў Беларусі лічаць, што крымінальны перасьлед сям’і Чыгіроў выкліканы актыўнай апазыцыйнай дзейнасьцю экс-прэм’ера.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG