Амаль год таму Ленінскі суд пастанавіў, што гарвыканкам абавязаны зарэгістраваць арганізацыйную структуру Свабоднага прафсаюзу. Улады выканалі рашэньне толькі напалову. Паставілі суполку на ўлік, але ня выдалі пасьведчаньня. А безь яго немагчыма стаць на ўлік у падатковай інспэкцыі й адкрыць банкаўскі рахунак.
Прафсаюзьнікі паскардзіліся ў суд. І ён пастанавіў прымусіць гарвыканкам. Аднак улады падтрымаў абласны суд. Рашэньне Ленінскага раённага скасавалі. Маўляў, для рэгістрацыі на “Хімвалакне” павінна быць у Свабодным прафсаюзе 10% працаўнікоў, гэта больш за паўтысячы чалавек. На гэта ж спаслаўся ў сёньняшнім рашэньні й судзьдзя раённага суду Анатоль Пракопік.
Кіраўнік прафсаюзнай суполкі Аляксандар Чарней перакананы, што дастаткова трох чалавек. Паколькі мова ідзе не аб рэгістрацыі асобнага прафсаюзу, а толькі ягонай суполкі. Зараз са скаргай давядзецца зьвяртацца ў абласны суд. Хаця там настроеныя супраць Свабоднага прафсаюзу. Тры разы ў раённым судзе разглядалася справа. І трэці раз трэба ісьці ў абласны.
За тры гады змаганьня з “Хімвалакна” звольнілі трох сяброў прафсаюзнай суполкі. Аляксандар Чарней прызнаўся мне, што зволеных можа стаць болей. На прадпрыемстве чакаюць вялікіх скарачэньняў. А ў судзе сёньня выступалі сьведкамі 9 сяброў суполкі Свабоднага прафсаюзу.