Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ РЫХТУЮЦЦА ДА ЦЫРЫМОНІІ АДКРЫЦЬЦЯ АДНОЎЛЕНАГА МЭМАРЫЯЛЬНАГА ЗНАКУ “АД НАРОДУ ЗША НАРОДУ БЕЛАРУСІ”


Ганна Соусь, Менск

Сёньня майстравалі адмысловую драўляную трыбуну для заўтрашніх урачыстасьцяў з нагоды адкрыцьця адрэстаўраванай лавы Клінтана. Дарэчы, памятны знак ужо ўсталяваны, але пакуль прыкрыты тканінай. Ачышчаная ад сьнегу і прысыпаная пяском дарога вядзе праз поле да курапацкага пагорку.

Як паведаміў сёньня Радыё Свабода кіраўнік “Магістральаўтадару” Анатоль Лыцін, які раніцай наведаў Курапаты, ягонае прадпрыемства не спрычынілася да падрыхтоўкі заўтрашніх урачыстасьцяў — усё зрабілі валанцёры ды прадстаўнікі амэрыканскай амбасады.

Паводле спадара Лыціна, заўтра з 12 да 14 гадзінаў будаўнічыя працы на ўчастку ля Курапатаў будуць прыпыненыя, каб нічога не перашкаджала людзям прыйсьці на цырымонію. Ня будзе працаваць і тэхніка воддаль ад урочышча, каб у часе цырымоніі й набажэнства не былі чутныя гукі машынаў.

Валанцёры працягваюць парадкаваць тэрыторыю ўрочышча. Гаворыць Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Мы проста па меры магчымасьці дапамагаем амэрыканскім сябрам, да таго ж мы паабяцалі гэта зрабіць. Але ж, натуральна, галоўны цяжар адказнасьці за падрыхтоўку ляжыць на амэрыканцах, яны зараз працягваюць працы. Мы ж са свайго боку ўпарадкавалі крыху месца ля намёту. Сёньня навядзем большы парадак, таксама ўпарадкуем шлях”.

Паводле Сяржука Высоцкага, тое, што валанцёры працавалі ў Курапатах на сваю ініцыятыву, выклікала даволі нэрвовую рэакцыю з боку некаторых начальнікаў.

(Высоцкі: ) “Нечакана прыехаў прадстаўнік мясцовага выканкаму, і аказалася, што мы ўсё падрыхтавалі — пясок насыпалі, сьнег прыбралі, ачысьцілі ад сьнегу крыжы, месца стала выглядаць больш прыстойна. І прадстаўнік Савецкага райвыканкаму быў ледзь не гатовы з намі сварыцца. Як жа так здолелі зрабіць — без уладаў, наўпрост з амэрыканцамі. Насамрэч улады невядома колькі б яшчэ раскачагарваліся, а мы ўсю гэтую працу зрабілі фактычна за дзьве гадзіны”.

Валанцёры адмовіліся ад ганарару за гэтую працу. Сяржук Высоцкі тлумачыць гэтае рашэньне:

(Высоцкі: ) “Прапаноўвалі аплаціць гэтую працу, але гэтае месца — ня бізнэс для БПС, ня бізнэс для валанцёраў. Гэтае месца, дзе мы ратуем сумленьне беларускага народу, дзе мы ратуем сваё ўласнае сумленьне. Да таго ж тое, што мы тут дапамагалі, я лічу, спрыяе ўмацаваньню сяброўскіх стасункаў з амэрыканскім урадам, амэрыканскім народам, якраз на глебе сымпатыяў з боку шараговых беларусаў, а не беларускіх уладаў”.

Цырымонія адкрыцьця адрэстаўраванага мэмарыяльнага знаку “Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі беларускаму народу” адбудзецца ў Курапатах заўтра ўдзень а 13-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG