Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПОШНІЯ ЗЬВЕСТКІ З КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

У Курапатах сёньня самазвалы насыпалі пясок, каб падвысіць узровень дарогі. Геадэзісты рабілі замеры. За працай будаўнікоў увесь час назіраюць абаронцы Курапатаў. Апошнім часам іх крыху паменела.

Мінулай ноччу ў Курапатах начавалі толькі тры чалавекі. Адзін зь іх — 19-гадовы Юрась Фабішэўскі. Я засьпела яго за навучаньнем, хлопец чытаў падручнік па гісталёгіі. Юрась Фабішэўскі вучыцца ў 1-й менскай мэдычнай вучэльні, апошнім часам яму даводзіцца рыхтавацца да заняткаў у Курапатах.

(Фабішэўскі: ) "Выкладчыкі разумеюць мяне. Кажуць, што мы тут добрую справу робім, але ж трэба вучыцца..."

У Юрася Фабішэўскага ад сталінскіх рэпрэсіяў пацярпеў дзед — Вацлаў Фабішэўскі. Яго арыштавалі пасьля Другой усясьветнай вайны.

(Фабішэўскі: ) "Дзесяць гадоў ён быў у лягерах, згубіў там сваё здароўе і, калі прыехаў сюды, хутка памёр. Ён — з Гарадзенскай вобласьці, селянін. Кажуць, што ён быў у нейкай, як тады называлі, бандзе. Як мне распавядаў бацька, дзед ня вельмі добра ставіўся да савецкай улады й тады, калі вярнуўся зь лягеру. Мне яшчэ бабуля казала, што ён сапраўды ўдзельнічаў у нейкіх акцыях супраць савецкай улады.

Калі мы тут усталёўвалі крыжы, я таксама памятаў, што мой дзед пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсіяў, як і людзі, якія тут пахаваныя".

Юрась Фабішэўскі, як і ягоны дзед, таксама пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў — сёлета, у Курапатах. Яго затрымлівалі двойчы — 8 і 9 лістапада. Першы раз суд пакараў Юрася Фабішэўскага штрафам на 6 мінімальных заробкаў, цяпер ён чакае другога суду — за другое затрыманьне. Юрась узгадвае, як празь некалькі тыдняў пасьля падзеяў 8 лістапада, амонаўцы, якія яго схапілі, наведаліся ў лягер валанцёраў.

(Фабішэўскі: ) "Прыходзілі сюды паразмаўляць, даведацца, як справы, чым мы тут займаемся. Усё вельмі цікавяцца, колькі нам тут грошай плацяць... Нам тут нічога ня плацяць".

Калі я сыходзіла з Курапатаў, Юрась Фабішэўскі разам са мной ішоў да аўтобуснага прыпынку — сустрэць дзяўчыну, якія едзе ў Курапаты пасьля заняткаў. Гэта стала ўжо пэўным правілам — хлопцы сустракаюць і праводзяць дзяўчат, якія бяруць удзел у вартаваньні Курапатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG