Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТАЎ-САДЫСТАЎ МОГУЦЬ АРЫШТАВАЦЬ У ЗАЛІ СУДУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пракуратура Менску высьветліла, што прыцягнутыя да судовай адказнасьці сьледчыя Першамайскага райаддзелу міліцыі Бурдыка, Данчанка, Ярафееў , Крамсаеў і былы ўчастковы Ліпскі пагражаюць пацярпелым, якія сьведчаць супраць іх на судзе. Пра гэта пацярпелыя неаднаразова заяўлялі ў судзе і ў сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку Радыё Свабода.

У прыватнасьці, Анатоль Прыма распавядаў пра пагрозы на свой адрас, а таксама на адрэсу пацярпелых Ташамбаева і Фіронава:

(Прыма: ) "Дамоў тэлефанавалі і казалі, каб зьменшыў актыўнасьць, прапанавалі за гэта грошы. Потым прыяжджалі на машыне, вядомы нумар, таксама пагражалі. А да пацярпелага Фіронава прыйшлі пад выглядам чыноўнікаў, і сярод іншага спыталі, ці не патрэбная яму яшчэ адна печань".

І вось пракуратура гораду праверыла падобныя заявы і высьветліла, што пагрозы сапраўдныя. У выніку пракурор хадайнічаў перад судзьдзём пра далучэньне зьвестак праверкі да матэрыялаў справы, а падсудных міліцыянтаў папярэдзіў, што, калі яны будуць далей пагражаць пацярпелым, іх чакае арышт.

Гэтае папярэджаньне, аднак, пакуль не дало выніку. Паводле Анатоля Прымы, абвінавачаныя і цяпер усім сваім выглядам дэманструюць непавагу да пацярпелых і судзьдзяў.

Дарэчы, ёсьць зьвесткі, што пракуратура гораду распачала аналягічныя справы на міліцыянтаў Цэнтральнага і Савецкага раёнаў Менску. Абвінавачаньні грунтуюцца на дадзеных пра тое, што і там крымінальныя справы расьсьледаваліся з дамапогай зьбіцьця і катаваньняў затрыманых. У пракуратуры лічаць, што гэтыя справы, як і справу сьледчых Першамайскага райаддзелу міліцыі, удасца давесьці да суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG