Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аазіс дэмакратыі», — былы дэпутат Вярхоўнай Рады, якога завочна асудзіла і шукае Ўкраіна, наведаў Беларусь


Алег Цароў. Архіўнае фота.
Алег Цароў. Архіўнае фота.

Былы дэпутат Вярхоўнай Рады Алег Цароў, які перайшоў на бок Расеі і якога шукае Ўкраіна, наведаў Беларусь.

Мяркуючы з паведамленьняў і фатаграфій Царова ў сацсетках, увечары 20 сьнежня ён выехаў цягніком Масква — Менск і ўвечары 23 сьнежня вылецеў назад рэйсам «Белавія». Магчыма, пражываў у пяцізоркавым «Прэзыдэнт-гатэлі»: двойчы завочна асуджаны ўкраінскім судом палітык сфатаграфаваўся з афіцыянткай гэтага гатэлю.

«Адчуў эстэтычны шок. Еду ў савецкім купэ, дзе ўсё новае і ўсё працуе. Чатыры кнопкі рэгуляваньня яркасьці сьвятла. Працуе вэнтыляцыя, рычаг пераключэньня ня адламаны і сапраўды рэгулюе паток паветра — праверыў. Радыё, разэтка, індыкацыя занятасьці туалета», — апісаў Цароў свае ўражаньні ад паездкі на цягніку.

«Дарэчы, у Беларусі (у рускамоўным арыгінале „в Белоруссии“. — „Позірк“.) спакойна грузіцца YouTube, прымаюцца званкі па What’s App і Telegram. Грузяцца наўпрост сайты замежных СМІ. На фоне абмежаваньняў ва ўсім сьвеце проста аазіс дэмакратыі», — падзяліўся ўражаньнямі калябарант, які пражывае, паводле зьвестак украінскіх СМІ, пераважна ў анэксаваным Расеяй Крыме.

Улады РФ абмяжоўваюць альбо блякуюць доступ да тых ці іншых мэсэнджараў у рамках барацьбы з іншадумствам і ўкраінскімі дронамі. Пры гэтым Цароў не згадаў, што беларускія ўлады таксама блякуюць доступ да непажаданага для іх кантэнту.

Цароў не паведаміў, ці праводзіў у Беларусі якія-небудзь сустрэчы.

  • Вясной 2022 года ён быў завочна прыгавораны ўкраінскім судом да 12 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў публічных закліках да зьмены дзяржаўнай мяжы Ўкраіны і гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу.
  • Увосень 2024 года былы дэпутат Вярхоўнай Рады завочна атрымаў 8 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў фінансаваньні ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны. У даход дзяржавы канфіскавана яго маёмасьць больш чым на 460 млн грывень (каля 11 млн долараў). Пры гэтым асноўная частка маёмасьці знаходзіцца ў анэксаваным Расеяй Крыме (санаторый і музэй, ацэненыя ў 456 млн грывень) і дэ-факта пакуль не можа быць канфіскаваная.
  • У кастрычніку 2023 года ў Крыме на Царова быў зьдзейсьнены замах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG