Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МАЛЕНЬКІ ДЫНАЗАЎР У ГЕАГРАФІЧНЫМ ЦЭНТРЫ ЭЎРОПЫ”


Аляксандар Лукашук, Бэрлін

Ужо трэці дзень запар мы з калегамі зь Вялікай Брытаніі, Аўстрыі, Нямеччыны, Македоніі, Швэцыі слухаем запісы радыё-праграмаў у намінацыі “Бягучыя падзеі”. Абраныя тэмы, погляды і стыль перадачаў павінныя прадстаўляць жыцьцё і людзей эўрапейскай краіны, рэгіёну ці гораду.

Вось некалькі праграмаў, якія я слухаў сёньня. “Прага” – так называецца расьсьледаваньне ірляндзкага папулярнага радыёжурналіста Эймана Кіні пра сьмерць турыста з Дубліна ў Празе. Яго знайшлі мёртвым у парку, у крыві – рэшткі бэнзадыязапіну, які ахвярам звычайна падсыпаюць у бары ў келіх. Праская паліцыя адмаўляецца заводзіць справу аб забойстве, бо можа пацярпець імідж турызму. Нямецкая станцыя АРД прысьвяціла гадзіну эфірнага часу дасьледаванью турэцкай моладзі, што нарадзілася і жыве ў Нямеччыне. Чаму гэтыя маладыя туркі маюць утрая вышэйшы ўзровень злачыннасьці ў параўнаньні зь нямецкімі аднагодкамі, чаму хранічна ніжэйшы ўзровень адукаванасьці, чаму дзяўчаты зь нямецкіх сем’яў, нягледзячы на нярэдкі гвалт, заяўляюць, што возьмуць шлюб толькі з туркам. Назва фільтрацыйнага лягеру Чарнакозава добра вядомая з хронікаў чачэнскай вайны і добра вядомая ў Эўропе як месца зьнявага, гвалту і катаваньняў. Мікрафон брытанскага журналіста Джона Свіні быў адкрыты для сьведчаньняў чачэнцаў, якіх акуналі ў кіслату, што выпальвала вочы, падвешвалі ластаўкай, зьбівалі, расьцягвалі лябёдкамі як на дыбе – гэта ўсё расказы насельнікаў пасажырскага цягніка, які ўжо даўно нікуды ня едзе, дзе ў 70-ці вагонах жывуць 4 тысячы ўцекачоў.

Кавярня ў цэнтры Варшавы – месца, дзе пачынаецца дзеяньне праграмы карэспандэнта ВВС Тыма Х’юіла пра Беларусь. Там за кавай адбываецца першая гутарка з палітычнымі уцекачом зь Менску “Першыя адчуваньні будучага падарожжа”. Тым Х’юіл акдзначае атмасфэру страху, якая панавала ў Беларусі, і кажа, што хаця ён не заўважыў энтузіязму адносна Лукашэнкі, хутчэй за ўсё ён застанецца прэзыдэнтам, бо ў насельніцтва не выклікае энтузіязму і апазыцыя. Перадача выйшла ў эфір амаль паўгода таму, але цікава, як мала зьмянілася з таго часу – Лукашэнка працягвае займаць пасаду прэзыдэнта, Зінаіда Ганчар па-ранейшаму нічога ня ведае пра лёс мужа, у Вінцука Вячоркі, які даваў інтэрвію на добрай ангельскай мове, дарэчы, якраз у дзень арышту на 15 сутак, верагодна, па-ранейшаму праслухоўваюць тэлефонныя размовы. Лукашэнка не Мілошавіч, – робіць выснову брытанскі журналіст, ня той маштаб, ня тыя здольнасьці, але на беларускі экспэрымэнт з паваротам часу назад зь цікавасьцю паглядаюць з Расеі. Спакусьліва лічыць, што Беларусь атрымала тое, што заслугоўвае, і Эўропе не павінна быць справы да маленькага дыназаўра ў яе геаграфічным цэнтры, як кажа Х’юіл, але перадача сканчаецца не на геапалітычным, а на індывідуальным узроўні – словамі Зінаіды Ганчар: “Некалі ж і Лукашэнка ня будзе прэзыдэнтам, і тады яму давядзецца адказваць на нашыя пытаньні…”

Брытанскі журналіст Джон Свіні, які вярнуўся з Каўказу. Завяршае сваю праграму наступнымі словамі на тле чачэнскай мэлёдыі: “Вы, хто слухае гэтую перадачу, на кухні дома, або стаіць у дарожным заторы ля Лёндану, або едзе на поўнач у Шатляндыю, вы ня зможаце зразумець цалкам, празь якія пакуты праходзяць тыя людзі. Катаваньні сыстэматычна ідуць зьверху, і гэта толькі частка жахлівых рэпрэсіяў супраць народу. Матэрыялы гэтай перадачы будуць перададзеныя ў Камісію супраць катаваньняў Рады Эўропы”.

Дарэчы Рада Эўропы, Эўрапейскі парлямэнт і Эўрасаюз – у ліку арганізатараў конкурсу “Прыз Эўропа”, які сабраў лепшыя праграмы сучаснай эўрапейска радыё- і тэлежурналістыкі, запісанай у момант, калі гісторыя яшчэ толькі адбываецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG