Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНФЛІКТ КУЛЬТУРАЎ У БЭРЛІНЕ?


Алена Панкратава, Менск

Калі за 10 хвілінаў на вуліцах гораду ты не пачуеш расейскай мовы — ты не ў Бэрліне. Калісьці шматмоўе лічылася ледзь ня гонарам гэтага трохмільённага мэгаполісу. Пра пэўныя кварталы немцы гаварылі: тут жывуць туркі, тут палякі, тут эмігранты з былога СССР альбо "рускія". Фэшэнэбэльныя Ку-Дам і Канштрасэ, як і блёчны ўсходнебэрлінскі раён Марцан — гэта візытоўкі былых савецкіх грамадзянаў.

Сям'я менскіх лекараў, якія 10 гадоў таму трапілі ў Бэрлін па лініі "кантынгентсфлюхтлінге" (габрэйскай эміграцыі), расказвалі мне, што апошні час імкнуцца не гаварыць у людных месцах на роднай мове: "Заўсёды сустрэнеш незадаволеныя твары, асабліва ў спэцыфічнага выгляду людзей — гэтак званых левых радыкалаў".

Цяпер іх, прыхільнікаў палітычнай лініі партыі Гізі-ПДС, у Бэрліне зашмат. Ёсьць меркаваньне, што партыя мае добрыя шанцы перамагчы на бургамістарскіх выбарах 20 кастрычніка. Гэтага нашыя суайчыньнікі асабліва баяцца.

Аднак жа насьцярожанасьць назіраецца з абодвух бакоў. Нямецкія сябры, карэнныя бэрлінцы, расказвалі, што апошнія некалькі гадоў увечары яны ні разу не былі ў замежных, у тым ліку расейскіх раёнах гораду і ня раяць гэтага мне — вельмі высокая крымінальнасьць.

Выкладчыкі Вольнага Бэрлінскага ўнівэрсытэту, якія прадказвалі падобны канфлікт культураў некалькі год таму, маюць дакладнае тлумачэньне — шматлікія эмігранцкія плыні, якія апынуліся ў Нямеччыне апошнімі гадамі, так і не інтэграваліся ў грамадзтва, не зразумелі й не прынялі нямецкай мэнтальнасьці, нават не авалодалі нямецкай мовай.

Прафэсар Шольцэ, які на працягу апошніх 10 год мае справу са студэнтамі з постасавецкіх краінаў, у тым ліку зь Беларусі, лічыць, што замежныя студэнты — гэта адзіная найбольш адаптаваная ва ўмовах Нямеччыны сацыяльная група.

Адзін зь беларускіх вучняў прафэсара — 20-гадовы мянчук Максім. Ён будучы палітоляг і культуроляг. Яшчэ ў жніўні, у яго, як і многіх найбольш здольных замежных студэнтаў, была пэрспэктыва пасьля вучобы ў Бэрліне застацца абсалютна легальна ў Нямеччыне. Ухвалены на пачатку гэтага году законапраект пра свайго роду "грын-карту" для замежных выпускнікоў нямецкіх унівэрсытэтаў атрымаў вельмі добрую прэсу. Зараз выглядае, што прыняцьце закону адцягваецца на невядомы час. Вось што паведаміў Максім:

(Максім: ) "Пасьля 11 верасьня ўсе размовы сьціхлі. Наадварот, узмацнілася праверка студэнтаў. Калі шчыра, дык тут ёсьць шмат студэнтаў, якія прыяжджаюць ня толькі для таго, каб вучыцца, а для таго, каб застацца тут".

Цяпер, паводле Максіма, эміграцыйныя службы сур'ёзна ўзяліся за гэтых людзей.

Як сьведчыць наш зямляк, тое, што адбываецца зараз у калісьці талерантным Бэрліне, можна назваць у лепшым выпадку "агульнай нэрвовасьцю".

(Максім: ) "Я не скажу, што людзі бегаюць па вуліцах і скупляюць адгазьнікі, як у Нью-Ёрку, проста адчуваецца недавер між людзямі. Людзі, якія часта лётаюць на самалётах унутры краіны, — яны вельмі дзіўна аглядаюцца".

Паводле Максіма, яшчэ на самым пачатку сваёй вучобы ў Бэрліне ён не ўяўляў сабе, што канфлікт культураў пачнецца так хутка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG