Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ПАРТЫЗАНСКАГА РАЁНУ МЕНСКУ ПРЫНЯЎ БОК СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ


Міхал Стэльмак, Менск

Суд прызнаў незаконнымі антыпрафсаюзныя дзеяньні Партызанскага райвыканкаму. Вось што паведаміў нашаму радыё старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Віктар Трошчы:

(Трошчы: ) "Сёньня раніцай судзьдзя Пруднікава паведаміла мне, што прынялі рашэньне прызнаць нашу скаргу на Партызанскі райвыканкам абгрунтаванай. Суд абавязаў зарэгістраваць суполку Свабоднага прафсаюзу на МТЗ.

Наогул, такое рашэньне варта было прыняць даўно, бо парушэньне заканадаўства было відавочнае. На жаль, каб засьведчыць гэта, спатрэбілася пяць судовых разглядаў, шмат месяцаў перапіскі з пракуратурай, уладамі, адміністрацыяй трактарнага заводу. Як вынік, Свабоднаму прафсаюзу мэталістаў нанесеныя велізарныя страты".

Спадар Трошчы за страты ўважае і тое, што на МТЗ, дзе працуе каля 20 тысяч чалавек, рабочыя два апошнія гады фактычна былі пазбаўленыя права аб'ядноўвацца ў дэмакратычны прафсаюз. Гаворыць кіраўнік трактаразаводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Вячаслаў Козел:

(Козел: ) "Генэральны дырэктар трактарнага заводу спадар Лявонаў, які забараняе дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу, не жадае, каб працоўны калектыў жыў паводле правілаў, усталяваных калектыўнай дамовай.

Напрыклад, адміністрацыя, згодна з гэтай дамовай, мусіць выплачваць заробкі калектыву двойчы на месяц. Яна ж гэта робіць зараз толькі адзін раз. А наладзіць пратэст супраць такой палітыкі на заводзе няма каму. Калі наша дзейнасьць тут была легальнай, то мы распаўсюджвалі праўдзівую інфармацыю пра стан прадпрыемства, некалькі разоў праводзілі масавыя акцыі пратэсту".

Прафсаюзныя лідэры не выключаюць, што суд прыняў рашэньне пад ціскам міжнародных арганізацыяў, якія пагражаюць уладам Беларусі эканамічнымі санкцыямі.

З другога боку, выкананьне судовага рашэньня, паводле словаў Віктара Трошчага, можа быць праігнараванае вэртыкальлю. Асабліва цяпер, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, бо сябры Свабоднага прафсаюзу зьбіраюцца браць у іх актыўны ўдзел.

(Трошчы: ) "Гэтая ўлада — ня наша, не рабочых. Гэтая ўлада — чужая рабочым. Таму мы мусім прыкласьці ўсе намагантні, каб законным шляхам абраць новую ўладу, новага прэзыдэнта", — заявіў Віктар Трошчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG