Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРОШЫ ЗША Ў АБМЕН НА МЕСЦА Ў КАМІСІІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА ААН


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Кангрэсмэны абураныя тым, што краіна страціла сваё месца ў Камісіі правоў чалавека, куды Злучаныя Штаты нязьменна ўваходзілі ад часу яе заснаваньня ў 1947 годзе.

Сёлета ААН атрымае ад ЗША 582 мільёны даляраў сяброўскіх складак, але 244 мільёны, якія мусілі б быць сплочанымі ў наступным годзе, будуць замарожаныя.

“Гэта – урок для іншых краінаў, – цытуе кангрэсмэна-дэмакрата Тома Лантаса сёньняшняя New York Times – кожнае дзеяньне мае вынік. Калі яны хочуць гэтыя грошы, яны возьмуць нас назад у камісію, калі ж яны гэтага ня зробяць, гэта будзе каштаваць ім 244 мільёны даляраў”.

“Я супраць спалучэньня выплаты складак зь якімі б там ні было іншымі пытаньнямі, таму што вялікія краіны мусяць выконваць свае абавязкі і плаціць складкі,” – падае словы кангрэсмэна-дэмакрата Тоні Гала сёньняшняя International Herald Tribune, – я баюся, што нявыплата можа падарваць іншыя апэрацыі ААН і здольнасьць ЗША быць лідарам”.

Некаторыя кангрэсмэны падкрэсьлівалі, што ў Камісію правоў чалавека былі абраныя такія краіны як Кітай, Куба і Судан, нягледзячы на тое, што іх стала і моцна крытыкуюць за сытуацыю з правамі чалавека.

Пастанова не плаціць была прынятая насуперак думцы адміністрацыі прэзыдэнта Буша, які напярэдадні галасаваньня сказаў, што страта Злучанымі Штатамі сяброўства ў Камісыі правоў чалавека ня мусіць закранаць іхныя выплаты ў ААН.

У сувязі з гэтым, Гэнэральны Сакратар ААН Кофі Анан сказаў: “Я сапраўды ўдзячны прэзыдэнту Бушу і ягонай адміністрацыі за тое, што яны не падтрымалі ідэі нявыплаты складак. Я веру, што ўрэшце Злучаныя Штаты адновяць свае нармальныя стасункі з ААН”. У той самы час, Анан падкрэсьліў, што пакараньне ААН за страту месца ў Камісіі – неправамернае. Гэнэральны Сакратар лічыць, што цяпер Злучаныя Штаты мусілі б засяродзіцца на пошуках шляхоў вяртаньня ў міжнародную прававую арганізацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG