Хрыстос уваскрос!
Дарагія браты і сёстры!
Праз Хрыста дадзеная нам перамога над кожным ворагам, над кожным магчымым злом. Хрысьціянін дакладна ведае жыцьцёвую сапраўднасьць, ведае, што ёсьць злыя людзі на гэтым сьвеце, злыя і ашалелыя любаўладныя дыктатары, што ёсьць драконскія дзяржавы, але ён аптыміст, бо ён ведае Хрыста.
Для ўсіх хрысьціянаў велікодны цуд зьяўляецца галоўнай падзеяй у гісторыі. Чалавек, які здолее пранікнуць у гэтую глыбокую тайну, чэрпае зь яе вялікую сілу нутранога адрачэньня.
Дарагія мае, мы пакліканыя зрабіць больш высакародным і дасканалым асабістае і грамадзкае жыцьцё. Галоўнае, каб усьведаміць сабе сваё пакліканьне, абавязак да сям’і, да бацькаўшчыны, да свайго народу.
Хай Бог уваскрэслы дапаможа нашаму народу і ўваскрэсіць у ім пачуцьцё нацыянальнай сьвядомасьці, годнасьці. Хай для ўсіх сьвята пасхі Хрыстовай будзе сьвятам сапраўднай радасьці і духоўнай вясны і надзеі на лепшую будучыню нашага народу.
Мікалай (Мацукевіч),
Мітрапаліт і першагерарх Беларускай
Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы,
Таронта, Вялікдзень 2001 г.