Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕСЦА БЕЛАРУСІ Ў ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАБМЛЕІ АБСЭ БУДЗЕ ПУСТЫМ


Вольга Караткевіч, Вена


Старшыня ПА АБСЭ Адрыян Севярын спыніў спрэчкі і заявіў, што месца Беларусі будзе пустым.

Фактычна, такая пастанова супадае з галоўнай рэкамэндацыяй Мандатнай камісіі, але не пацьвярджае яе палажэньняў, сярод якіх тэза, што тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня скончыўся.

Перад самым уваходам у залю паседжаньняў стаяць два асобныя сталы насупраць круглага стала, за якім сядзяць прадстаўнікі Сталага камітэту ПА АБСЭ. Адзін з гэтых адасобленых сталоў – для дэлегацыі Вярхоўнага Савету Беларусі 13-скліканьня, другі – для дэлегацыі “палаты прадстаўнікоў”.

Сэнс рэкамэндацыя Мандатнай камісіі наступны – улічыць, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі ўвосень не былі дэмакратычныя, а “тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня – апошняга законна абранага заканадаўчага воргану Беларусі – скончыўся ў студзені 2001 году”. Рэкамэндавана запрасіць прадстаўнікоў і Вярхоўнага Савету, і “палаты прадстаўнікоў” на штогадовую сэсію ў Парыжы, каб яны выступілі перад асамблеяй у пытаньні дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі.

Як толькі тэкст рэкамэндацыяў быў раздадзены, старшыня ПА Адрыян Севярын узяў слова і заявіў, што ў гэтым пытаньні павінен быць кансэнсус. Слова “павінен” Севярын паўтарыў некалькі разоў.

Пытаньне прадстаўніцтва Беларусі ў ПА АБСЭ мусіла разглядацца не адразу, аднак, відаць, пісьмовы запыт Анатоля Лябедзькі пра статус дэлегацыі Вярхоўнага Савету на паседжаньні, якую пасадзілі асобна ад іншых разам з дэлегацыяй “палаты прадстаўнікоў”, паскорыў разгляд пытаньня. Бо калі б рэкамэндацыі былі б прынятыя, то было б зразумела, чаму дэлегацыя сядзіць асобна. Анатоль Лябедзька пасьля паказаў ліст Адрыяна Севярына, у якім дэлегацыя Вярхоўнага Савету запрашаецца на паседжаньне Сталага камітэту ПА АБСЭ ў якасьці афіцыйнай.

Пасьля невялічкай прамовы Севярын яшчэ раз сказаў, што фактам ёсьць неабходнасьць кансэнсусу ў пытаньні прыняцьця рэкамэндацыяў мандатнай камісіі, а пасьля перадаў слова яе кіраўніку – старшыні швэдзкай дэлегацыі Тоні Цінзгарт. Яна паведаміла, што рашэньне прымалася вельмі цяжка, зразумела, што яно не задавальняе цалкам усе зацікаўленыя бакі. Радыё Свабода стала вядома, што вырашальным быў голас бэльгійца Чарльза Янсэнса, каб прапанова Герта Вайскірхэна (замарозіць пытаньне наагул) не прайшла.

Мандатная камісія заклікала падтрымаць рэкамэндацыі як вынік шматгадзінных напружаных перамоваў. Адразу супраць выступіў віцэ-прэзыдэнт ПА АБСЭ, кіраўнік расейскай дэлегацыі Генадзь Селязьнёў, які заявіў, што не абавязкі Парлямэнцкай асамблеі ацэньваць дэмакратычнасьць краіны і пэрсанальныя якасьці кіраўніка дзяржавы і абурыўся, што трэба супрацоўнічаць зь Вярхоўным Саветам, сказаўшы: “Як можна супрацоўнічаць з тым, каго няма?” Селязьнёва падтрымала Елена Мізуліна і дадала, што ў “палаце прадстаўнікоў” працуюць апазыцыянэры – Вольга Абрамава і Ўладзімер Навасяд. Нагадаю, што зранку, выступаючы на паседжаньні мандатнай камісіі, Абрамава і Навасяд сябе назвалі нармальнай апазыцыяй, а іншых – радыкальнай.

Расею падтрымала Армэнія. Адрыян Севярын настолькі разгубіўся, што сказаў: “Мы былі перакананыя ў кансэнсусе. Калі ж наш ворган ня можа паразумецца, месца Беларусі будзе пустым”. І на гэтым спыніў дыскусію.

Мандатная камісія будзе працягваць працу, праўда Генадзь Селязьнёў прапанаваў зьмяніць ейны зьмест.

Удзельнікі сёньняшняй сустрэчы па-рознаму камэнтуюць выказваньні спадара Севярына, але ўсе сыходзяцца на тым, што вырашальнай будзе сэсія ПА АБСЭ ў Парыжы ўлетку.

Такім чынам, тэкст рэкамэндацыяў Мандатнай камісіі адхілены, а прадстаўніцтва Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ няма. Гэта паводле яе кіраўніцтва. Беларуская дэлегацыя Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня сьцьвярджае, што адхіленьнем тэксту рэкамэндацыяў адхіляецца і пункт пра спыненьне паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

Пазьней удзельнікі паседжаньня Сталага камітэту ПА АБСЭ павіталі новага дэлегата – старшыню югаслаўскага парлямэнту Драгалюба Мічунавіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG