Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС ПРОСІЦЬ ЗША СПЫНІЦЬ АНТЫДЭМПІНГАВУЮ КАМПАНІЮ СУПРАЦЬ БМЗ


Ігар Карней, Менск

Гэтая просьба — рэакцыя на часовы антыдэмпінгавы падатак, які ўвяло амэрыканскае гандлёвае ведамства на экспарт сталёвай арматуры са Жлобіну.

Беларускі мэталюргічны завод — рэдкае айчыннае прадпрыемства, прадукцыя якога рэальна прыносіць валюту ў дзяржаўную скарбонку. Але разам зь іншым вытворчым гігантам, салігорскім “Беларуськаліем”, БМЗ раз-пораз апынаецца ў цэнтры міжнародных скандалаў.

Міжнародная эканамічная супольнасьць актыўна пратэстуе супраць дэмпінгавых, як яна лічыць, коштаў, дзякуючы якім беларускія вытворцы пасьпяхова авалодваюць новымі рынкамі збыту.

Захады ў дачыненьні да БМЗ на амэрыканскім кантынэнце пачаліся яшчэ летась у ліпені. Міністэрства гандлю ЗША палічыла, што сярэдні кошт 200$ за тону сталёвай арматуры беларускай вытворчасьці неадэкватна адбіваецца на канкурэнтаздольнасьці мясцовых мэталюргаў. (Варта адзначыць, што закіды пра неадпаведнасьць гандлю амэрыканскім стандартам зробленыя яшчэ 8 краінам — пераважна з былога сацлягеру.)

Некалькі дзён таму ўвесь экспарт БМЗ на амэрыканскі рынак абклалі адмысловым падаткам 70%. Гэтую сытуацыю, якая моцна хвалюе жлобінскае прадпрыемства й зьнешнепалітычнае ведамства, камэнтуе кіраўнік аддзелу ЗША й Канады беларускага МЗС Ігар Губарэвіч.

(Губарэвіч: ) "Гэта тыповы прыклад абароны амэрыканцамі свайго рынку. Я думаю, што з такім мытам будзе цяжка ім прадаваць сваю прадукцыю.

Разам з БМЗ, разам з нашай амбасадаю ў Вашынгтоне мы прапанавалі Міністэрству гандлю ЗША пачаць перамовы пра часовае прыпыненьне антыдэмпінгавай блякады і пастаўкі сталёвай арматуры на новых умовах, з абмежаваньнем мінімальным па кошце і па памерах".

(Карэспандэнт: ) "Як лічыце, ці хутка амэрыканскі бок адгукнецца на такую прапанову?"

(Губарэвіч: ) "Не хачу прагназаваць. Але варта ўзгадаць, што ў Амэрыцы цяпер мяняецца адміністрацыя, і там мяняюцца ня толькі кіраўнікі міністэрстваў, але й найвышэйшыя службовыя асобы.

Таму нават рашэньне папярэдняе па другім этапе разьбіральніцтва яны надрукавалі са спазьненьнем на два тыдні. А звычайна ж гэта робіцца празь дзень–два. Магчыма, і на нашу прапанову адгукнуцца з затрымкай. Пачакаем, амбасада ўвесь час кантактуе зь Міністэрствам гандлю.

Беларускі мэталюргічны завод не пастаўляе ў ЗША сталёвую арматуру зь ліпеня мінулага году, таму ўжо нейкую суму згубілі. Мы хацелі б як мага хутчэй аднавіць гэтыя пастаўкі".

Гэта быў кіраўнік управы Амэрыкі МЗС Ігар Губарэвіч.

Пра сур'ёзнасьць санкцыяў сьведчыць найперш тое, што сам факт увядзеньня антыдэмпінгавага падатку мае на ўвазе немагчымасьць аднаўленьня пастаўкі арматуры цягам ажно пяці гадоў — такі найменшы тэрмін пакараньня.

Калі перамовы дапамогуць пазьбегнуць часовых падаткаў, Беларускі мэталюргічны завод застанецца дастаткова канкурэнтаздольным на рынку ЗША. Хоць і, зразумела, у меншым рынкавым сэгмэнце, у рамках абмежаваных квотаў на аб'ёмы паставак і мінімальнай мяжы кошту.

Але нават такія ўмовы задаволілі б кіраўніцтва БМЗ, бо ад леташняга ліпеня на шляху прадукцыі жлобінскага прадпрыемства ў ЗША ўзьніклі значныя перашкоды. Раней жа штогадовы аб'ём экспарту БМЗ у Злучаныя Штаты складаў больш за 20 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG