Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 2001 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(Эфір 17 Студзеня 2001)

Сябры Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў на сваім паседжаньні ня здолелі зацьвердзіць дакладнага мэханізму вылучэньня адзінага кандыдата ад аб'яднанай апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары. Асобу гэтага кандыдата, відаць, вызначыць Кангрэс дэмакратычных сілаў, які адбудзецца на пачатку сакавіка.

Сёньняшняе паседжаньне Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў пачалося зь вельмі эмацыйнага выступу старшыні жаночай партыі "Надзея" Валянціны Палевіковай.

Спадарыня Палевікова, якая фактычна прадстаўляе ў КРДС інтарэсы старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў і аднаго з магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Ганчарыка, была вельмі абураная паведамленьнем, зьмешчаным 16 студзеня на сайце "Хартыі-97". Там паведамлялася, што 24 грамадзкія арганізацыі вылучылі Сямёна Домаша адзіным кандыдатам на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў. Гаворыць Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) "Я ўхваляю тую ініцыятыву, што ўчора прайшла, бо гэта ініцыятыва добрая. Але я абураная формай падачы гэтай ініцыятывы, падача была гэткая, што гэта адзіны кандыдат апазыцыйнага руху.

Гэта ня так. Вы ведаеце, што мы працуем і шукаем адзінага кандыдата. Яго павінна падтрымаць шырокая кааліцыя дэмакратычных сілаў", — заявіла лідэр жаночай партыі "Надзея" Валянціна Палевікова.

Каардынатар "Хартыі" Андрэй Саньнікаў і сам Сямён Домаш даказвалі, што ніякага вылучэньня адзінага кандыдата на ўчорашнім сходзе грамадзкіх арганізацыяў не было. А тое, што спадар Домаш выступіў як адзін з магчымых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, не супярэчыць ягонай дамоўленасьці са спадарствам Чыгіром і Ганчарыкам пра супольныя дзеяньні ў выбарчай кампаніі.

Пасьля сябры Каардынацыйнай рады перайшлі да выпрацоўкі мэханізму вылучэньня адзінага кандыдата на прэзыдэнта. Было прапанавана некалькі варыянтаў гэтага вылучэньня (рэйтынгавае галасаваньне па кандыдатурах сярод сябраў КРДС, папярэднія выбары (праймэрыз) і гэтак далей).

Сямён Домаш настойваў, каб Каардынацыйная рада зацьвердзіла мэханізм вылучэньня ўжо сёньня, а таксама прызначыла дату Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Патрабаваньні спадара Домаша былі задаволеныя толькі часткова. Сябры КРДС вырашылі аднавіць працу арганізацыйнага камітэту Кангрэсу пад кіраўніцтвам Юр'я Хадыкі.

На наступнае паседжаньне Рады ейныя сябры зьбіраюцца запрасіць Сямёна Домаша, Міхаіла Чыгіра й Уладзімера Ганчарыка, якія, магчыма, падпішуць афіцыйную заяву пра супольную дзейнасьць у часе выбарчай кампаніі й дадуць абяцаньні выконваць рашэньні Кангрэсу, які, хутчэй за ўсё, адбудзецца на пачатку сакавіка.

Сябры КРДС у прынцыпе задаволеныя гэтым рашэньнем. Гаворыць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Нельга прысьпешваць тыя падзеі, якія ў Кааліцыі яшчэ не сасьпелі. Усё ж такі ў нас Кааліцыя, і дастаткова шырокая, і ёсьць розныя інтарэсы ў палітычных і грамадзкіх сілаў, якія ў яе ўваходзяць. І розныя асабовыя прэфэрэнцыі. І гэта, я лічу, нармальна.

Таксама добра, што мы вызначыліся наконт часу правдязеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў", — паведаміў спадар Вячорка.

Сябры Рады спадзяюцца, што да пачатку кангрэсу ім удасца стварыць перадвыбарчы блёк сваіх партыяў і Фэдэрацыі прафсаюзаў.

Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады таксама вырашылі правесьці на наступным тыдні круглы стол з удзелам усіх апазыцыйных сілаў. Сябры Каардынацыйнай рады таксама прынялі спэцыяльную заяву, у якой патрабуюць незалежнага мэдычнага асьведчаньня ўсіх кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG