Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лістапада 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Расьце напружанасьць на Заходнім Беразе Ярдану і ў Сэктары Газа. Паколькі сьпіс загіблых перавысіў 200 асобаў, Ізраіль заявіў, што канфлікт з паўстаньня перарос у адкрытую вайну

Паводле Associated Press, колькасьць ахвяраў Блізкаўсходняга процістаяньня на сёньня складае 206 чалавек, пераважная бальшыня якіх – палестынцы.

На думку вышэйшага ізраільскага вайсковага кіраўніка, палкоўніка Гала Гірша, гвалт быў вынікам таго, што зь вязьніцаў былі выпушчаныя палестынскія экстрэмісты. "Мы ведалі, што гэта здарыцца, – кажа палкоўнік, – але мы будзем адсочваць і знаходзіць іх, а таксама караць адказных".

Тымчасам кіраўнік палестынскай міліцыі Заходняга Берагу Марван Баргоўці сказаў, што ягоныя сілы маюць намер перанесьці канфлікт на падкантрольныя Ізраілю часткі Заходняга Берагу, гэта значыць туды, дзе жывуць гэбрайскія пасяленцы.

Нагадаем, што на сёньня поўны палестынскі кантроль існуе толькі на 40% тэрыторыі Заходняга Берагу і дзьвюх трацінах тэрыторыі Сэктару Газа. Астатнія часткі знаходзяцца пад аб'яднаным ізраільска-палестынскім наглядам, але пры поўным ізраільскім кіраваньні.

Марван Брагоўці прагназуе рост напружанасьці. Справа ў тым, што 15 лістапада – 12-я гадавіна ад часу абвешчаньня лідарам палестынцаў Ясірам Арафатам сымбалічнае дэклярацыі незалежнасьці Палестыны.

Цяпер палестынцы пачалі дзейнічаць з засадаў, На паведамленьні пра гэтую новую стратэгію палестынцаў ізраільскі прэм'ер-міністар Эхуд Барак, які знаходзіцца ў Злучаных Штатах Амэрыкі, адрэагаваў досыць злосна. Пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Білам Клінтанам, якія адбыліся ў Вашынгтоне ў нядзелю, лідар Ізраілю заявіў, што ягоная краіна не пацерпіць нападаў на вайскоўцаў і цывільнае насельніцтва, а парушальнікі будуць пакаранымі.

"Гэты злачынны акт – наўпросты вынік палітыкі палестынскіх уладаў, якія падахвочваюць гвалт і заклікаюць да Джыхаду супраць Ізраілю," – цытуе ізраільскага прэм'ер-міністра Associated Press.

Тады ж, у нядзелю, у Катары, у часе сустрэчы краінаў арганізацыі Ісламская Канфэрэнцыя палестынскі лідар Ясір Арафар сказаў, што палестынцы "больш чым калі б там ні было гатовыя працягваць джыхад супраць Ізраілю".

Грамадзкае апытаньне, праведзенае ўнівэрсытэтам Bir Zeit паказала, што 80% палестынцаў ухваляюць напады на ізраільцаў. Два гады таму гэткую падтрымку выказвалі толькі 44% апытаных – паведамляе Associated Press.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG