Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 кастрычнiка 2000 г.


Днямі літоўскае выданьне "Усход-Захад", тыднёвы дадатак да газэты "Летувос рытас", надрукавала вялікі аналітычны артыкул пра Беларусь, у якім беларуская сытуацыя параўноўваецца з югаслаўскай. Падаем тэкст артыкулу.

Адхіліць аўтарытарны рэжым Югаславіі шмат зь якіх прычынаў было лягчэй, чым Беларусі.

А.Лукашэнка не баіцца выклікаў

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, кінуўшы 15 кастрычніка свой бюлетэнь у скрынку для галасаваньня на парляманцкіх выбарах, нават ня стаў паглыбляцца ў размовы пра вынік прэзыдэнцкіх выбараў ў наступным годзе: «Можаце ўжо цяпер віншаваць мяне зь перамогай», - сказаў ён журналістам.

Вельмі вялікая верагоднасьць таго, што ён не памыляецца.

Пасьля падзеньня рэжыму Слабадана Мілошавіча ў Югаславіі А.Лукашэнка лічыцца адзіным ацалелым аўтарытарным лідэрам у Эўропе.

Беларуская апазыцыя выходзіць на дэманстрацыі зь лёзунгамі «Сёньня - Мілошавіч, заўтра - Лукашэнка».

І ўсё ж умовы выхаду з аўтарытарызму ў абедзьвюх гэтых краінах вельмі розныя, і А.Лукашэнка пакуль што цалкам абгрунтавана можа не баяцца выклікаў сваёй уладзе.

Важная навука Югаславіі

Аналізуючы перамогу апазыцыі ў Югаславіі, варта адзначыць два асноўныя фактары.

Па-першае, перад апошнімі прэзыдэнцкімі выбарамі і асабліва пасьля іх важную ролю адыгралі жыхары правінцыі. Прэзыдэнт С.Мілошавіч ужо даўно «сьпісаў» бялградзкую апазыцыю, інтэлектуалаў і ладжаныя імі акцыі пратэсту. Аднак калі да іх далучыліся жыхары ўсяе Сэрбіі і перадусім малых мястэчак, утварылася крытычная маса, неабходная для рэвалюцыйнага тыпу пераходу ад аўтарытарызму.

Па-другое, войска і паліцыя ня сталі перашкаджаць паўстаньню, а частка зь іх нават далучылася да пратэстаў. Выглядае, што заганы старога рэжыму дастаткова абрыдлі шараговым службоўцам сілавых структураў, і яны дзейнічалі ўжо ня як інстытуцыя, а як звычайныя грамадзяне, пацярпелыя ад эканамічнага заняпаду краіны.

У Беларусі - іншая глеба

Становішча сілавых структураў Беларусі іншае. Адыгрываючы ў краіне выключную ролю, яны не дэмаралізаваныя.

Беларусь - адна зь нешматлікіх рэспублікаў былога СССР, дзе міліцыянты атрымваюць у тры-чатыры разы болей за сярэдняга работніка, а самае галоўнае - заробкі ім выплочваюцца своечасова.

Першай умовы югаслаўскае перамогі ў Беларусі таксама няма. Апазыцыя - ведама, не без стараньняў Лукашэнкавай улады - гэта палітычная сіла, якая дзеіць толькі ў Менску і некаторых іншых вялікіх гарадох.

Гэта відаць з заклікаў апазыцыі да байкоту выбараў. Хоць ейныя лідэры цьвердзяць, што байкот удаўся і галасаваць прыйшло менш за 50 працэнтаў выбарнікаў, недастатковая актыўнасьць выбарнікаў была відавочна заўважная толькі ў гарадох.

Мала таго, няясна, ці гараджане не прыйшлі галасаваць на заклік апазыцыі (паводле апытаньняў, байкот падтрымала толькі дзясятая частка выбарнікаў), ці зь іншых, хоць і ня менш істотных, прычынаў: расчараваньня ў эканамічным становішчы, у палітыцы, у бясьсільнасьці парлямэнту.

Пахваліўся крыху зарана

Усё ж трэба прызнаць, што малая актыўнасьць выбарнікаў нанесла А.Лукашэнку балючы ўдар, і цьверджаньні апазыцыі пра пэўную паніку ў лягеры ўлады падобныя да праўды. Хвалячыся ў дзень выбараў, што галасаваць прыйдзе больш за 70 працэнтаў выбарнікаў, прэзыдэнт памыляўся. Паводле афіцыйных зьвестак, галасавала каля 60 працэнтаў грамадзянаў.

Вось жа асноўная мэта выбараў не дасягнутая. Вялікая актыўнасьць выбарнікаў мусіла надаць хоць нейкую «дэмакратычную» легітымнасьць парлямэнту краіну, які А.Лукашэнка ўтварыў пасьля непрызнанага ў Эўропе рэфэрэндуму 1996 году.

Можа быць, што супраць А.Лукашэнкі павярнулася ягоная ўласная стратэгія зьбіраньня ўсёй улады ў сваіх руках. Уваччу выбарнікаў парлямэнт проста стаўся нязначнай інстытуцыяй. Аднак гэта ня значыць, што на будучых прэзыдэнцкіх выбарах, дзе палітыка будзе куды больш пэрсаналізаваная, выбарнікі застануцца гэткія пасіўныя.

Тыл таксама адрозны

Заклік беларускай апазыцыі да байкоту выбараў можна зразумець як нежаданьне мець дачыненьне да нелегітымнай уладнай інстытуцыі. Зь іншага боку, ён адлюстроўвае і галоўную інстытуцыйную слабасьць апазыцыі.

Хоць і С.Мілошавіч, і А.Лукашэнка часам папулярна называюцца дыктатарамі, яны дзейнічаюць у розным кантэксьце.

Былы прэзыдэнт Югаславіі сканцэнтраваў сваю ўладу нефармальнымі сродкамі - выкарыстоўваючы ўзаемнае супрацьстаяньне клянаў, вагары эканамічнага ўзьдзеяньня, зьнешнія фактары.

Каб захаваць сваю магутнасьць, ён быў вымушаны ўвесь час лявіраваць і аглядацца на расклад сілаў у сэрбскіх і фэдэральных інстытуцыях. Калі ня стала С.Мілошавіча, ягоная пасада перастала быць уплывовай.

Тым часам беларускі лідэр (хоць і ён ужывае сродкі эканамічнае дыскрымінацыі) стварыў з нуля усю сыстэму інстытуцыяў паводле мадэлі жорсткай гіерархіі, так сказаўшы, інстытуцыялізаваў сваю харызму. У краіне, дзе прэзыдэнт мае паўнамоцтвы зьняць з пасады любога судзьдзю, палітычны працэс быў спрошчаны да адміністрацыйнага выкананьня ўказаньняў прэзыдэнта. На гэта працуе ўвесь апарат кіраваньня і сілавых структураў.

Месца партыяў у дзяржаве

Югаслаўская палітыка, хоць і вельмі пэрсаналізаваная і сканцэнтраваная ў руках аднае асобы, усё ж не заглушыла разьвіцьця партыяў і партыйнай сыстэмы.

У Югаславіі партыі, як і ў заходніх дэмакратыях, лічыліся прыладамі палітычнае камунікацыі і выяўленьня інтарэсаў (хоць іншыя іх функцыі і вага, зразумела, адрозьніваліся), звычайнаю зьяваю была і коаліцыйная палітыка.

У беларускай палітыцы партыі маюць значна меншае значэньне. Гэта хутчэй этыкеткі розных намэнклятурных або апазыцыйных групаўі групак. Як заўважыў адзін эстонскі назіральнік на выбарах, «палітычным партыям законы надаюць такую самую ролю, як і працоўным калектывам».

Ціне найбольш вырашальная розьніца паміж югаслаўскай і беларускай апазыцыяй палягае ў іхных поглядах на палітычную сыстэму.

Югаслаўскія апазыцыйныя партыі на пачатку 1997 году бралі ўдзел у мясцовых выбарах і ўрэшце прымусілі С.Мілошавіча прызнаць іхную перамогу ў бальшыні радаў самакіраваньня. Не праігнаравалі яны і выбары парлямэнтаў Сэрбіі й Югаславіі, хоць гэтыя інстытуцыі былі моцна аслабленыя ўплывамі прэзыдэнта.

Бальшыня беларускіх апазыцыйных партыяў адмовілася ўдзельнічаць і ў мясцовых, і ў парлямэнцкіх выбарах. Нават калі было зусім ясна, што вялікіх шанцаў выйграць яны ня мелі, апазыцыя страціла магчымасьць хоць часткова інстытуцыялізаваць свае ўплывы - асабліва на мясцовым узроўні, які аказаўся такім важным у югаслаўскім выпадку.

Як падчас апошніх выбараў сказаў адзін беларускі палітык, «не займаючыся спортам два сэзоны запар, цяжка спадзявацца выйграць на алімпіядзе».

Маўклівыя - без амбіцыяў

Розны ўзровень інстытуцыялізацыі вызначаны рознымі вытокамі палітычнай падтрымкі.

Югаслаўскае грамадзтва падзеленае на дзьве прыблізна роўныя часткі - прыхільнікаў і супраціўнікаў старога рэжыму. Таму апазыцыі нарэшце ўдалося эфэктыўна выкарыстаць незадавальненьне аўтарытарным лідэрам.

Хоць незалежныя апытаньні паказваюць, што толькі траціна грамадзянаў Беларусі падтрымвае Лукашэнкава кіраваньне, актыўных апанэнтаў рэжыму значна меней (а апазыцыя фактычна заахвочвае пасіўнасьць).

І нават калі б апазыцыйныя сілы аб'ядналіся, ім спатрэбілася б вельмі разумна арганізаваная кампанія, каб можна было б кінуць хоць нейкі выклік А.Лукашэнку.

Прычына гэтаму - розьніца ва ўзроўні палітызацыі грамадзтва. Тры вайны прымусілі жыхароў Югаславіі аб'яднацца, а нацыяналізм, распальваны дзяржаўнымі мас-мэдыямі і апазыцыяй, стаўся каталізатарам палітычнае актыўнасьці.

Вобраз зьнешняга ворага выкарыстоўвае і беларуская ўлада, якая плоціць агітатарам за тое, каб тыя, як гэта, прыкладам, было падчас «палітінфармацыі» на Менскім Аўтамабільным Заводзе, падавалі ўдзел у выбарах як адказ на агрэсію з боку НАТО.

Аднак погляд беларускае ўлады на ўдзел грамадзянаў у палітыцы больш адпавядае традыцыйнай мадэлі аўтарытарнай дзяржавы, паводле якой нізкі ўзровень удзелу дапамагае захаваць аўтаномію ўладных інстытуцыяў.

Пакуль што на дэманстрацыі пратэсту прыходзяць тысячы, а не дзясяткі тысячаў людзей, як на тое спадзяецца апазыцыя.

Лепш зарабіць ці атрымаць?

Варта зьвярнуць увагу і на розную структурную аснову палітыкі абедзьвюх дзяржаваў. Беларусь і Югаславія адрозьніваюцца паводле характару індустрыялізацыі, ступені пашырэньня дробнага бізнэсу, актыўнасьці міжнароднага абмену ды іншых паказчыкаў.

Ня толькі адрозны ўзровень разьвіцьця, але й адрозная эканамічная палітыка (у выпадку Беларусі - палітыка савецкага калектывізму і плянаваньня, у выпадку Югаславіі - аўтарытарны капіталізм) высьпяляюць адрозныя спадзяваньні грамадзянаў. Сьведама або не, А.Лукашэнка зусім не праводзіць капіталістычнай палітыкуўі, якая, як сьведчыць мноства прыкладаў у сьвеце, раней ці пазьней стварае дэмакратычны ціск.

У Беларусі ўсё яшчэ дамінуе патрэба ў «атрыманьні» дабротаў, хоць і дробных, ад улады. Гэтаму цудоўна адпавядае вобраз А.Лукашэнкі як «бацькі нацыі», а ў вёсцы - яшчэ і ўплыў кіраўнікоў ацалелых калектыўных гаспадарак. Тым часам пратэсты і страйкі югаслаўскіх работінкаў мелі зусім іншую матывацыю - зарабіць ва ўмовах рынкавай эканомікі, якой пешрашкаджала цяперашняя ўлада.

Сілы прыцягненьня і падтрымкі

Балканы гістарычна ляжалі ў цэнтры розных інтарэсаў, таму югаслаўская апазыцыя атрымала істотную дапамогу ад Злучаных Штатаў і бальшыні эўрапейскіх краінаў. Беларусь Захад і надалей практычна далучае да сфэры інтарэсаў Расеі, таму асноўным зьнешнім фактарам застаецца палітыка гэтай краіны, якая, як і ў выпадку зь Югаславіяй, даволі пасіўная.

Менавіта разьвіцьцё дачыненьняў Беларусі з Расеяй ціне найбольш вызначыць будучыню дэмакратызацыі Беларусі.

Выглядае, што эканамічны заняпад пакуль што застаецца, адзіным фактарам, які можа выклікаць масавае незадавальненьне беларусаў палітыкай прэзыдэнта.

Пакуль А.Лукашэнка будзе здольны захоўваць за сабою расейскі эканамічны тыл, апазыцыі будзе цяжка паўтарыць югаслаўскі сцэнар.

Вікінтас Пугачаўскас,
магістрант Інстытуту міжнародных дачыненьняў і палітычных навукаў Віленскага Ўнівэрсытэту.

Пераклаў
Сяргей Шупа, Вільня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG