Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 верасьня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Менш як за сем тыдняў да прэзыдэнцкіх выбараў ў ЗША прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі ў Кангрэсе ЗША выступілі з рэзкай крытыкай у адрас прэзыдэнта Клінтана. Яны абвінавацілі адміністрацыю Клінтана ў тым, што цягам апошніх васьмі гадоў яна праводзіла памылковую палітыку ў дачыненьні да Расеі. Біл Клінтан і ягоныя палітычныя саюзьнікі адкідаюць гэтыя абвінавачаньні і заяўляюць, што яны зрабілі вельмі шмат дзеля таго, каб ператварыць былога ворага ў свайго стратэгічнага партнэра...

Дакумэнт, які ўхваліў спікэр Палаты Прадстаўнікоў, рэспубліканец са штату Ілінойс Дэніс Гастэрт, налічвае ажно 209 старонак. Адміністрацыя прэзыдэнта Клінтана, – гаворыцца ў ім, – не скарыстала магчымасьць дапамагчы Расеі ператварыцца з апанэнта ў эканамічнага і палітычнага саюзьніка Амэрыкі, як гэта сталася зь Нямеччынай і Японіяй пасьля ІІ-й Усясьветнай вайны.

Рэспубліканцы ўсклалі на Клінтана значную долю адказнасьці за эканамічныя і палітычныя цяжкасьці, якія Расея перажывае цягам апошніх васьмі гадоў, за тое, што зараз Расейцы давяраюць Амэрыцы менш чым калі небудзь з часу заканчэньня халоднай вайны. Заміж гэтага, – гаворыцца ў справаздачы, – Клінтан змарнаваў вялікія грошы. Ён выдзяляў вялікія сумы грошаў Крамлю, у прыватнасьці, Барысу Ельцыну і ягонаму акружэньню, нават пасьля таго, як яны аказаліся ўцягнутымі ў карупцыйны скандал. На думку палітычных апанэнтаў Клінтана, ягоная адміністрацыя ігнаравала пры гэтым дэпутатаў Думы, якія адначасова маюць паўнамоцтвы рэгіянальных лідэраў. Старшыня Дарадчага камітэту ў пытаньнях Расеі, які працаваў над дакумэнтам, Крыстофэр Кокс заявіў:

(Кокс: ) "Расейскія лідэры імкнуліся ў сваёй замежнай палітыцы, згодна канцэпцыі зьнешняй палітыкі, ўхваленай у 93-м годзе, да стратэгічнага партнэрства і цеснага саюзу са Злучанымі Штатамі. Аднак зараз гэта перастала быць іхнай мэтай, і летась яны афіцыйна адмовіліся ад гэтай канцэпцыі. Адной з прычынаў зьмены зьяўляецца тое, што расейскія лідэры перасталі давяраць парадам з боку ЗША і страцілі павагу для нашай пазыцыі ў пытаньні карумпаванасьці расейскіх элітаў".

Удакладняючы закіды ў адрас адміністрацыі Клінтана, ён падкрэсьліў, што за апошняе дзесяцігодзьдзе ЗША зрабілі вельмі мала дзеля таго, каб прадухіліць развал расейскай эканомікі. Ён, у прыватнасьці, згадаў глыбокі крызыс у расейскай сыстэме аховы здароўя. Заходнія лекі задарагія і недаступныя для большасьці Расейцаў, і гэта адна з прычынаў таго, што сьмяротнасьць у Расеі перавышае нараджальнасьць. Кокс адхіліў таксама абвінавачаньні з боку дэмакратаў у палітычнай матываванасьці справаздачы. "Гэта факты, якія павінны быць не праблемай рэспубліканцаў альбо дэмакратаў, але агульнаамэрыканскай праблемай", – сказаў ён.

У адказ на ягоныя закіды, выступаючы ўчора на брыфінгу, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр адзначыў і станоўчыя моманты ў палітыцы Клінатана ў дачыненьні да Расеі. Паводле яго, Злучаныя Штаты, сярод іншага, пасьпяхова дапамаглі Маскве скараціць ейны ядзерны патэнцыял, стварыць грамадзянскае і крымінальнае права, дапамаглі Расеі прыватызаваць 75-ць адсоткаў дзяржаўнай маёмасьці.

(Баўчэр: ) "Хацелася б верыць, што ўклад адміністрацыі Клінтана ў пабудову грамадзянскай супольнасьці, ў дапамогу прадпрымальнікам, у дэмантаж ядзерных узбраеньняў быў адначасова карысны ня толькі для разьвіцьця Расеі, але і для амэрыканскага народу".

Для саюзьнікаў прэзыдэнта Клінтана не падлягае сумневу, што справаздача рэспубліканцаў палітычна матываваная і накіраваная супраць дэмакратычнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах Альбэрта Гора. Справа ў тым, што цягам амаль васьмі гадоў віцэ-прэзыдэнт Эл Гор увасабляў амэрыканскую палітыку ў дачыненьні да Расеі і былых савецкіх рэспублікаў. Ён быў нават сустаршынём амэрыканска-расейскай і амэрыканска-украінскай двухбаковых камісіяў. Здавалася б, усё гэта павінна яму залічыцца на плюс, аднак палітычныя апанэнты Гора скарысталі карупцыю ў Расеі і на Ўкраіне для атакаў супраць яго.

(Артэртон: ) "Час, у які быў апублікаваны дакмэнт, падказвае мне, што аўтары несумненна маюць перад вачыма выбарчы гадзіньнік",

– адзначыў экспэрт з вашынгтонскага Ўнівэрсытэту Крыстафэр Артэртон.

З другога боку, нават рызыкуючы абвінавачаньнем іх у палітычнай матываванасьці, сябры Кангрэсу маюць права выказаць сваю нязгоду з палітыкай адміністрацыі, калі бачаць ейныя памылкі. Адказ дэмакратаў, паводле Артэртона, таксама меў палітычную афарбоўку. У кожным разе неад'емнай рысай дэмакратыі зьяўляецца тое, што людзі вырашаць наколькі палітыкі дзейнічаюць паводле сумленных матываў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG