Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

200 000 рублёў – такую суму паводле судовага рашэньня мусіць выплаціць Валеры Шчукін судзьдзі Заводзкага раёну Жане Хвайніцкай за публікацыю артыкула ў "Народнай Волі". Акрамя гэтага, суд забавязаў газэту надрукаваць абвяржэньне.

Валеры Шчукін не пагадзіўся з такім рашэньнем. Ён паведаміў радыё Свабода:

(Шчукін: ) "Я рашэньне буду абскарджваць, паколькі у мяне не было намеру пакрыўдзіць судзьдзю. Крытыка была, але абразы не было. За што я мушу плаціць 200 даляраў, калі ў мяне пэнсія — толькі трыццаць? Многа гэта ці мала?".

Сёньня судзьдзя Менскага гарадзкога суду Маргарыта Рыштоўская часткова задаволіла грамадзянскі пазоў сваёй калегі судзьдзі Заводзкага раённага суду Жаны Хвайніцкай. Спадарыня Хвайніцкая прасіла спагнаць з газэты "Народная Воля" і з Валера Шчукіна, аўтара артыкулу, два мільёны рублёў (гэта каля 2000 даляраў). Таксама яна прасіла забавязаць газэту прынесьці ёй публічныя прабачэньні.

У спрэчным артыкуле пад назваю "300 000 рублёў штрафу для прафсаюзнага актывіста" Валеры Шчукін пісаў пра судовы працэс, які адбыўся сёлета ў лютым над прафсаюзным актывістам МАЗу Міколам Раманавым. Судзьдзя Хвайніцкая, якая вяла той працэс, палічыла, што артыкул прыніжае яе гонар і годнасьць.

У прыватнасьці, ёй не спадабаліся тры наступныя выразы: "Судзьдзя не рызыкнула вяршыць правасудзьдзе без адваката…"; "прачытаўшы пастанову, судзьдзі толькі й засталося разьвесьці рукамі й вымавіць вядомы афарызм "А судзьдзі хто?"; і апошні: "Ці адкрывала судзьдзя Хвайніцкая перад вынясеньнем адміністрацыйнага спагнаньня гэты самы Кодэкс адміністрацыйных правапарушэньняў".

Абаронцы Валера Шчукіна лічаць прэтэнзіі Хвайніцкай безпадстаўнымі. Гаворыць віцэ-прэзыдэнт БАЖу Андрэй Бастунец:

"Прэцэдэнты ў такіх справах былі створаныя раней. Першы – гэта пазоў Шэймана да "Навінаў; потым — пазоў Чмары да "БДГ". Пасьля гэтага нібыта ўсталявалася плянка грашовае кампэнсацыі за маральныя страты. Насамрэч: "Калі сакратар Рады Бясьпекі прасіў такую суму, дык я папрашу гэтакую". Зьявілася тэндэнцыя да павелічэньня сумаў за маральныя страты. А практыка, калі суды задавальняюць такія пазовы часткова, каб былі ўсе задаволеныя, вельмі распаўсюджаная, каб паказаць, што разгляд справы быў аб'ектыўным", — паведаміў Андрэй Бастунец.

Адвакатка Тацяна Станкевіч:

"Я лічу, што артыкул быў напісаны карэктна. Ён не кранае рэпутацыю судзьдзі. Шчукін папросту выказваў сваю думку наконт судовага прысуду. А кожны журналіст мае права на выяўленьне сваёй думкі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG