Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Ля беларуска-расейскай мяжы рашэньнем Дубровенскага раённага выканкаму ўведзены адмысловы збор з транзытнага транспарту за карыстаньне мясцовымі дарогамі. Для вялікагрузных аўтамабіляў, якія рушаць у кірунку мытнага пераходу Ляды, месяцовы падатак складзе $50.

Больш за год беларускія ды міжнародныя перавозчыкі, якія карыстаюцца аўтамагістральлю Берасьце–Масква, плацяць за кожны праезд рэспубліканскі падатак — $25. Калі для буйных кампаніяў гэта нязначныя сумы, дык дробныя прадпрымальнікі, якія маюць з рэйсу звычайна ад $50 да $80, пачалі шукаць альтэрнатыўныя шляхі ў Расею. Такім напрамкам для многіх стала дарога праз Дуброўну. Але на мінулым тыдні ўсе грузавыя аўтамабілі мясцовая Дзяржаўная аўтаінспэкцыя пачала паварочваць у бок трасы Берасьце–Масква. Праўда, адначасова прапаноўвалася аформіць пропуск на месяц з папярэдняй аплатаю 50 тысячаў рублёў.

Вось што кажа кіраўнік аршанскае фірмы "Лідэр", якая спэцыялізуецца на грузаперавозках у Расею, Ігар Аляшчук:

"Зараз там стаіць знак "Абмежаваньне руху грузавога транспарту". Але атрымліваецца, што за 50 тысячаў езьдзіць па дарозе ўсё ж можна. Ці законна гэта? Гэта ж уласнасьць не выканкаму, а дзяржавы. І наогул, на чыім абслугоўваньні будзе дарога: "Белмагістралі" ці раённых службаў?"

Я зьвязаўся са старшынём Дубровенскага раённага выканкаму Міхалам Кляшчынскім і зь першых жа слоў пачуў, што гэтыя добразычліўцы "…усё на сьвеце блытаюць":

(Кляшчынскі: ) «Ёсьць спробы праехаць па дарозе мясцовага прызначэньня, якая належыць да раённае камунальнае ўласнасьці. Таму мясцовы транспарт праходзіць без пытаньняў, а транзытны мы паварочваем назад: рушце па магістралі, якая дзеля гэтага й прызначаная. Па сваіх уласных дарогах мы ня маем намеру прапускаць вялікагрузны транспарт. Што тычыцца збораў, дык і тут усё наблытана. Мы зарганізавалі мясцовы дабрачынны фонд, і ўсе грошы выкарыстоўваем на дабрачынныя патрэбы. Нашыя дзеяньні ня ўсім падабаюцца. І камусьці праз Свабоду захацелася сказаць: «А-ту іх, Дубровенскі райвыканкам»…»

Гаварыў старшыня Дубровенскага раённага выканкаму Міхал Кляшчынскі.

Урэшце, большасьць грузаперавозчыкаў ня супраць, каб іхныя грошы мэтава пералічваліся на разьвіцьцё транспартнай інфраструктуры Дубровенскага раёну. Але досьвед паказвае, што грошы, як правіла, недзе губляюцца.

Падобнае пытаньне можна задаць і адносна аўтамагістралі Берасьце–Масква. Улічваючы вялізную плынь грузаў паміж Расеяй і Заходняй Эўропаю, зборы з транзытнага аўтатранспарту значныя. Але, мяркуючы па стану трасы й прыдарожнаму сэрвісу, грошы гэтыя ідуць на нейкія іншыя мэты. Як мне паведамілі ў Міністэрстве транспарту, пакуль ідзе пагашэньне крэдыту Міжнароднага валютнага фонду, чакаць, што магістраль будзе як у Польшчы ці Заходняй Эўропе, не даводзіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG