Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 жніўня 2000 г.


Выйшаў чарговы нумар штотыднёвіка "Рабочы". Галоўнымі тэмамі нумару сталі незалежнасьць Беларусі, сьвята якой адзначалася на мінулым тыдні, і Ўсебеларускі зьезд, на якім беларуская грамадзкасьць прыняла Акт Незалежнасьці Беларусі.

Ёсьць матар'ялы і на іншыя тэмы. Напачатку ліпеня ўпершыню Беларусь наведала дэлегацыя Міжнароднай Канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў, якая зафіксавала шматлікія факты парушеньняў правоў працоўных і, галоўнае, актыўнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы прафсаюзных арганізацыяй. Беларускія ўлады не чакалі такога павароту падзеяў і паабяцалі на працягу месяца зьняць усе прафсаюзныя праблемы.

Месяц скончыўся. І што? Улады яшчэ больш узмацнілі ціск на прафсаюзы і іх лідэраў – у першую чаргу на Ўладзімера Ганчарыка і Аляксандра Бухвостава. Газэта камэнтуе стан справаў. І тут жа прыводзіць прыклад рабочага руху: з-за нявыплаты заробку на МЗАЛе – Менскім заводзе аўтаматычных лініяй – пачаліся стыхійныя выступленьні рабочых. МЗАЛаўцы, якія ня бачылі ні чэрвеньскіх, ні ліпеньскіх, ні адпускных грошаў, зараз рыхтуюцца да страйку.

Старонка "Рабочага" "Мой дом" зьвярнула ўвагу на мэню беларусаў, як галоўны паказчык сацыяльнага становішча. "У нас няма адной з галоўнейшых свабодаў, – сьцьвярджае "Рабочы", – няма выбару ежы". "Незвычайная зеляніна на нашым стале", – такую назву дала журналістка Сьвятлана Шыдлоўская свайму артыкулу, у якім распавядаецца пра сьпіруліну – сіне-зялёную водарасьць, якая магла б стаць панацэяй для хворых дарослых і дзяцей, ахвяраў Чарнобылю.

Нечаканай атрымалася старонка "Мой сусьвет". "Дарагі таварыш Сталін!", або "Аб чым пісалі жыхары Беларусі "бацьку ўсіх народаў" у 1950 годзе". Гэтым даследваньнем гісторыка Аляксандра Гужылоўскага "Рабочы" адкрывае сваю новую рубрыку "Лісты зь мінулага". Лісты сялянаў, студэнтаў, рабочых шмат гадоў хаваліся пад грыфам "Сакрэтна", бо за імі паўставала рэальная гісторыя, не падобная на афіцыйную. Калі б гэтая гісторыя была на слыху – паменшала б сёньня тых, хто паўтарае: "Пры Сталіне быў парадак", "Пры Сталіне жылося лепш".

Завяршае штотыднёвік "Рабочы" расповяд пра апошняга зь Ягэлёнаў – караля Жыгімонта ІІ Аўгуста. Тут жа вы знойдзеце крыжаванку, спорт, гумар.

Нагадаем: кожны, хто жадае чытаць "Рабочы" рэгулярна, можа аформіць падпіску ў дзяржаўным аддзяленьні сувязі ці ў першаснай арганізацыі свабодных прафсаюзаў. Менчукі могуць атрымліваць газэту яшчэ і праз кіёскі Белсаюздруку. Для гэтага трэба зьвярнуцца да работніка кіёску, дзе вісіць аб'ява-паведамленбне пра падпіску на "Рабочы". Такіх кіёскаў па Менску 50. Будзьце ўважлівыя: абавязкова пазначце нумар кіёску, празь які хочаце набываць газэту. Яе падпісны індэкс – 63437.

Агляд падрыхтаваны
рэдакцыяй газэты "Рабочы"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG