Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 жніўня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Жыхар Берасьця Рыгор Варвашэвiч сёньня накiраваў у суд Ленiнскага раёну гораду пазоў супраць Берасьцейскага аблвыканкаму. Скарга тычыцца незаконнага ўвядзеньня мясцовай "вэртыкальлю" новых тарыфаў на гарачую ваду для побытавых патрэбаў жыхароў.

У сваім пазове Рыгор Варвашэвiч паведамляе, што распараджэньне Берасьцейскага абласнога выканкаму, згодна зь якiм у вобласьцi ў восем разоў падвысiлiся кошты на гарачую ваду i ацяпленьне, супярэчыць указам Аляксандра Лукашэнкi й пастановам беларускага ўраду. Згодна зь дзейнымi дакумэнтамi падвышаць тарыфы на камунальныя паслугi для жыхароў можна ня болей, чым на 30 адсоткаў.

Дарэчы, на неадпаведнасьць распараджэньня берасьцейскiх уладаў зьвяртаў увагу мясцовае "вэртыкалi" i прэм'ер-мiнiстар Уладзiмер Ярмошын, якi запатрабаваў скасаваньня гэтага нарматыўнага акту. Але старшыня абласнога выканкаму Васiль Даўгалёў фактычна прайгнараваў загад кiраўнiка беларускага ўраду. I толькi масавыя звароты абураных уласьнiкаў жыльля i кватэранаймальнiкаў у кантрольныя ворганы, прымусiлi абласны выканкам перагледзець тарыфы за карыстаньне гарачай вадою.

Тым ня менш i новыя кошты значна пераўзыходзяць нарматывы, што закладзеныя ў пастановах ураду. Цяпер у Берасьцейскай вобласьцi гарачая вада для жыхароў каштуе ў паўтары разы больш, чым у iншых рэгiёнах Беларусi. На гэта таксама зьвяртае ўвагу ў сваёй пазоўнай заяве Рыгор Варвашэвiч.

Жыхар Берасьця лiчыць, што згаданае распараджэньне абласнога выканкаму ўшчамляе ягоныя правы як спажыўца й прычыняе маральную шкоду. Памер гэтае шкоды спадар Варвашэвiч у сваёй пазоўнай заяве ацанiў у 255 тысячаў рублёў.

У падтрымку тых грамадзянаў, якiя вырашылi праз суд дамагацца абароны сваiх правоў ад незаконных дзеяньняў мясцовых уладаў, выступае i абласное аб'яднаньне прафсаюзаў. У гэтай установе паведамiлi, што з пачатку бягучага году кошты за карыстаньне вадою i каналiзацыяй павялiчылiся ў 17 разоў, гарачай вадою – у 11, ацяпленьнем – у 10, а электрычнай энэргiяй – у пяць разоў. Усё гэта прывяло да таго, што ўжо зараз некалькi дзясяткаў тысячаў жыхароў Берасьцейшчыны ня здольныя разьлiчыцца за пражываньне ва ўласнай кватэры. Толькi ў Берасьцi агульная запазычанасьць кватэранаймальнiкаў складае каля 160 мiльёнаў рублёў.

Таму ў прафсаюзным асяродку ўпэўненыя, што пазоў Рыгора Варвашэвiча да уладаў не зьяўляецца выпадковасьцю, i хутка зь яго возьмуць прыклад i iншыя жыхары вобласьцi.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG